top of page
Поиск

Майстар дэталiзацыi цi гiсторыя буйным планам

  • Фото автора: Мария Войтик
    Мария Войтик
  • 5 авг. 2021 г.
  • 5 мин. чтения

Глядзець на карціны — і адпраўляцца пешшу ва ўладанні Вітаўта, сядзець за круглым сталом побач з каралём Артурам, блукаць па сярэднявечным Брэсце, Вільні альбо Кенсінгтонскім парку, трапятаць ад ваяўнічага погляду княгіні Слуцкай, кідацца ў сонечнае зарыва разам з богам Ярылам ці апускацца пад зямлю ў пошуках страшных драконаў і выдатных прынцэс... Майстар дэталізацыі, які дазваляе свабодна падарожнічаць паміж рэальнасцямі і вяртацца ў гістарычне мінулае, — кніжны ілюстратар, графік, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Павел Татарнікаў, які заваяваў прэстыж не толькі ў Беларусі, але і ў заходніх краінах.




Ён лёгка спалучае выдумку і рэальнасць, але ў любым выпадку падмацоўвае фантазію праўдзівымі фактамі, з’яўляючыся і архітэктарам, і рэстаўратарам, і археолагам. З ім гаворым пра элітарнасць мастацтва ілюстрацыі, праблемы кніжных афарміцеляў, цікаўнасць да гістарычнай рэканструкцыі і тое, як стаць вядомым.


ЯК СТАЦЬ ВЯДОМЫМ?


Мастак актыўна супрацоўнічае з замежнымі выдавецтвамі — Вялікабрытаніі, Кітая, ЗША, Японіі, Італіі, Расіі. Так што выжываць маладым, на яго думку, можна і ў роднай краіне — трэба толькі смялей сябе прасоўваць, удзельнічаць ва ўсіх магчымых конкурсах і выстаўках, рабіць так, каб цябе заўважылі, знаёміцца з калегамі і выдаўцамі з усяго свету. Потым будуць і заказы. Гэта галоўны пасыл юным творцам. Павел Татарнікаў двойчы заваёўваў найвышэйшую еўрапейскую ўзнагароду сярод кніжных майстроў — «Залаты яблык» Міжнароднага біенале ілюстрацыі ў Браціславе. Ён з’яўляецца ўладальнікам і іншых прэстыжных сусветных і айчынных дыпломаў, медалёў, прэмій і прызоў. У тым ліку — «Залатое пяро Бялграда». Кнігі з яго работамі перакладзены на многія мовы. Адзін толькі «Кароль Артур» выйшаў амаль на ўсіх кантынентах. Дзяржаўная прэмія Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, архітэктуры — таксама яго заслуга.



ЗНАК ЛЁСУ


Папера і фарбы з дзяцінства былі ў вольным доступе, бо мама і тата — мастакі. Сям’я жыла ў прыватным доме, сцены якога ў пэўны момант пацярпелі лёгкую «мадэрнізацыю» з-за першых творчых парываў маленькага Паўла. «Непазбежным было маё паступленне ў знакамітую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка ў Мінску. А трапіў я туды… дзякуючы «экспедыцыі» аднаго з выкладчыкаў, што збіралі здольных дзяцей па ўсіх раёнах, гарадах і вёсках.


Памятаю ўрок матэматыкі ў трэцім класе. Раптам дзверы адчыняюцца, з’яўляецца барадатая галава (як высветлілася потым, завуч) і «закідвае» нам нечаканае пытанне: «Дзеці, хто ў вас тут любіць маляваць?» Клас, не змаўляючыся, паказвае на мяне! Усё было вырашана лёсам яшчэ тады. Вельмі рана я стаў добра арыентавацца ў відах мастацтва, таму гадоў у дванаццаць ужо канчаткова вырашыў, што буду графікам. Гэта вельмі шчаслівы выпадак, калі чалавек загадзя ведае, чаго хоча ад жыцця…» — паведамляе Павел Татарнікаў.


РАМАН З ГІСТОРЫЯЙ


Персанажы Паўла Татарнікава — моцныя духам, доблесныя, адважныя і сумленныя асобы, якія не баяцца перашкод лёсу. На яго карцінах часцей за ўсё можна сустрэць князёў, рыцараў і святароў, дзяржаўных дзеячаў, асветнікаў, першадрукароў, ваяводаў і будаўнікоў, воінаў і нават апосталаў... А яшчэ — шмат беларускіх святынь і сімвалаў, такіх як крыж Ефрасінні Полацкай ці Слуцкія паясы.



Героі беларускіх народных казак таксама прысутнічаюць. Калі іншыя школьнікі адварочвалі насы ад сумных, на іх погляд, падручнікаў па гісторыі, маленькі Павел ужо асвойваў навукова-папулярныя выданні і нават сам прыдумляў мапы — маляваў свае краіны і гарады, горы і рэкі. Зараз гісторыя — частка прафесіі. Яму, як графікуілюстратару, які імкнецца да гістарычнай дакументальнасці, неабходна шмат чытаць, каб разбірацца, напрыклад, якое адзенне насілі ў тую ці іншую эпоху, у якіх багоў верылі, з чаго выраблялі зброю ці будавалі дамы…

Працуючы над чарговай кнігай, ён старанна паглыбляецца ў эпоху, якую трэба адлюстраваць.


Калі трэба — вывучыць нават усходнюю касмалогію разам з кітайскімі народнымі міфамі ці адправіцца ў адну з італьянскіх вёсачак да народа фрыулі, каб даведацца пра самыя старажытныя легенды... «Аповесць мінулых гадоў», «Сем цудаў Беларусі», «Адвечны покліч Радзімы», «Перуновага племені дзеці», «Званы Нямігі» — ва ўсе гэтыя і многія іншыя кнігі ён уклаў душу і майстэрства. Хіба можна абвінаваціць яго ў тым, што зараз ілюстратар прымае ў асноўным замежныя заказы?


БЕЛАРУСЬ НА ДАЛОНІ


Як выглядалі старажытныя беларускія замкі, храмы, палацы, мястэчкі і гарады часоў Вялікага Княства Літоўскага? Павел Татарнікаў разам з пісьменнікам Уладзімірам Арловым не так дауно працавалі над кнігай для моладзі «Айчына. Маляўнічая гісторыя». Мастацка-гістарычная рэканструкцыя мясцін і партрэтаў вядомых дзеячаў — тое, за што з вялікім энтузіязмам узяўся ілюстратар, ахапіўшы перыяд з IX па XVIII стагоддзі. Многія шэдэўры нашай архітэктуры можна ўбачыць у творах мастака. У іх ліку — Полацкая Сафія, Мірскі, Крэўскі і Нясвіжскі замкі, Маламажэйкаўская, Сынкавіцкая і Каложская цэрквы... Усяго - каля 40 аб’ектаў.


Па яго словах, гэты праект — больш даследчыцкая праца, чым мастацкая. Трэба было кансультавацца з гісторыкамі, археолагамі, архітэктарамі, рэстаўратарамі. «Часам я рабіў рэтраспектывы: аб’ядноўваў на адной старонцы значныя аб’екты, якія адначасова ніколі не існавалі, каб адразу падкрэсліць асаблівасці пэўнага месца. Што тычыцца партрэтаў, асабліва тых асоб, выгляд якіх дакладна не вядомы, то я маляваў для кнігі… сваіх сяброў, падобных на іх! А што рабіць, калі ў цябе ўсяго толькі невялікі кавалак тэксту-апісання характару ці знешнасці, літаральна пара абзацаў, і больш ніякіх звестак? Так што нядзіўна, калі ў князе Міндоўгу, напрыклад, вы пазнаеце якоганебудь знакамітага сучаснага мастака…» — расказвае Павел Татарнікаў.


МАГІЯ ДЭТАЛЯЎ


Мастак на сваіх палотнах выкарыстоўвае ўсю разнастайнасць планаў, нават кропку погляду з вышыні птушынага палёту, ствараючы эфект надзвычай шырокай панарамнасці. Вельмі любіць дэталізацыю. Пры гэтым каляровая палітра ніколі не выглядае задзірліва — нават калі на карціне прыгожая царэўна з падземнага царства, вялікіх памераў замак, акружаны густым лесам, або пачвара, што выклікае жах. Майстар надае ўвагу ўсяму: касцюмам герояў, упрыгожванням і прычоскам дам, баявой экіпіроўцы воінаў, архітэктуры будынкаў. Тым не менш ніякай камп’ютарнай графікі. Толькі графічныя тэхнікі, акварэль і звычайная папера. Мастак, афармляючы кнігі, ніколі не дубліруе тое, пра што ідзе гаворка ў тэксце, — ён дапаўняе рэальнасць аўтара, ствараючы зборныя, закадзіраваныя вобразы, вытканыя з кульмінацыйных момантаў розных частак твора.


«Я малюю так, каб мне самому спадабалася, калі б я быў тым хлопчыкам 12 гадоў», — падкрэслівае графік. «Існуе некалькі канцэпцый афармлення кнігі. Першая — звычайнае ўпрыгожванне. Ствараецца арыгінальная вокладка, на старонкі дабаўляюцца віньеткі і прыемны шрыфт. А вось калі з’яўляюцца ілюстрацыі… Можна ісці двума шляхамі: паўтарыць тое, што апісаў аўтар кнігі, ці дапоўніць яго словы, стварыць сваю вобразную сістэму, але не замінаць задумцы, не перашкаджаць тэксту. У гэтым выпадку ілюстраваць паэтычныя зборнікі — адна з самых складаных задач.


Паэтычны вобраз стварае абсалютна розныя карцінкі ў свядомасці кожнага чалавека. Мастак не павінен навязвацца і перашкаджаць паэзіі», — дзеліцца думкамі Павел Татарнікаў. Ёсць у мастака і працы, якія не адносяцца да кніг. Час ад часу ён піша на палатне, займаецца літаграфіяй. Спрабаваў нават іконы пісаць і выразаць скульптуры. «Калі людзі бачаць мае творы, не звязаныя з кнігай, кажуць: не, цябе тут не пазнаць!» — смяецца графік.



«БЕЛАРУСКУЮ КНІГУ ТРЭБА АБАРАНЯЦЬ»


На думку Паўла Татарнікава, беларускамоўнай кнізе ў нашай краіне сёння цяжка вытрымліваць канкурэнцыю на свабодным рынку. Рашэнне праблемы — больш актыўная падтрымка і прасоўванне яе дзяржавай, прама скажам — абарона, спроба паставіць на ўзровень з рускімі выданнямі, як гэта было ў 1970 — 90-я гады. «Паліграфічны сегмент з так званай элітарнай, а не масавай кнігай, дзе запатрабаваны добрыя мастакі-ілюстратары, развіваецца вельмі бурна ва ўсім свеце. А вось Беларусь выбіваецца з кантэксту, нягледзячы нават на тое, што школа кніжнай графікі ў нас магутная! Мне самому яна дапамагла стаць вядомым у Еўропе і іншых краінах, зрабіўшы мае творы канкурэнтаздольнымі і арыгінальнымі», — дзеліцца ілюстратар.



«Цікава, што яшчэ ў савецкія часы сітуацыя была абсалютна іншай, кніжная графіка перажывала свой росквіт. Зараз кнігі таксама выходзяць, але іх мала на долю насельніцтва. Лічу, што нельга было ліквідаваць паліграфічныя брэнды, такія, як, напрыклад, “Юнацтва” і “Полымя”», — дадае Павел Татарнікаў.


Традыцыі беларускага кнігадрукавання, без якога нельга ўявіць культурны фон на нашых землях, бяруць пачатак яшчэ з глыбінь XVI стагоддзя. Што адбываецца цяпер? Нашы выдавецтвы з іх невялікімі тыражамі, адносна паліграфічных «калег» з іншых краін, часам прайграюць у бітве за прыз глядацкіх сімпатый. А гэта значыць, што шматлікім маладым ілюстратарам, нават вельмі здольным, нялёгка знайсці сабе працу, і яны часта з’язджаюць за мяжу. Малавядомы факт: у 2003 годзе на прэстыжнай кніжнай выстаўцы ў Балоні было прадстаўлена шэсць беларускіх ілюстратараў сярод сямідзесяці, адабраных з амаль дзесяцітысячнай грамады! Ці зможам мы затрымаць іх у роднай краіне?


Марыя ВОЙЦІК


Апублiкавана у газеце "Лiтаратура i мастацтва"

 
 
 

Bình luận


  • Instagram
  • Facebook Социальной Иконка
bottom of page