Філасофія народнага, альбо тонкасці фотапластыкі
- Мария Войтик
- 31 авг. 2021 г.
- 6 мин. чтения
Душа лечыцца адчуваннямі ― асабліва ад энергетычна магутных месцаў. Толькі што бег міма, па сваіх справах, і ― раптам спыніўся. Тое самае адбываецца насупраць фотапластычных работ Валерыя Вядрэнкі, яго здымкаў. Ты пераадольваеш плоскасць уверх, уніз, у глыбіню, трапляючы ў новыя светы.

Ніякага пафасу: гэта сапраўды так. Яго карціны ўжо не месцяцца ў стандартныя межы палатна, ім цесна, яны нагадваюць фільмы. Майстар умее звязваць мінулае і будучыню, збіраць ў адным месцы розныя прасторы, далёкія вобразы і часы. Беларускі фатограф і мастак распавёў пра тое, як ствараць непаўторнае, амаль магічнае мастацтва з дапамогай толькі ўважлівасці ды новых тэхналогій і навошта кідаць выклікі самому сабе усё жыццё.

Этнаграфія, хроніка Палесся і першыя крокі.
«У юнацтве ў мяне была закладзена база, што нязменна буду цікавіцца гісторыяй, Беларуссю, архітэктурай, народным мастацтвам, у філасофскім аспекце, каб уяўляць сабе, ад чаго і куды мы рухаемся, якія ў нас перспектывы, што мы страцілі і што маем», ― сцвярджае Валерый Вядрэнка.
Адразу пасля арміі Валерый Вядрэнка пайшоў працаваць у групу па стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам, які цяпер, на жаль, так і не даведзены да розуму, а мог жа стаць цэнтрам гісторыі нашай культуры, яе вытокаў. Фатограф з калегамі актыўна ездзіў у экспедыцыі па Палессі, збіраў «артэфакты», датычныя малых архітэктурных формаў, паколькі быў архітэктарам па адукацыі. А потым паўстала лагічнае пытанне: як захоўваць ўражанні?
Фатаграфіяй захапляўся з дзяцінства, а потым гэта стала часткай працы. За восем гадоў палескі архіў сабраўся прыстойны. На жаль, у аўтара захавалася толькі 50 здымкаў, астатнія, перададзеныя музею, «сплылі» разам з кіраўніцтвам, што пастаянна мянялася. Плануе зноў зрабіць выстаўку «Палескага альбому», але гэтым разам ― у музейных сценах, а не ў фотаклубе, як раней.
Праз восем гадоў працы ў музеі Валерый Вядрэнка махнуў рукой на інтрыгі ды бюракратыю і сышоў у адзін з дамоў культуры весці гурток.

Марыў здымаць кіно, нават завочна скончыў у Маскве Інстытут культуры. Але «Беларусьфільм» тады прастойваў, а на тэлебачанні была неспакойная атмасфера. Тым не менш адзін з фільмаў майстра, створаны разам з сябрам Аляксандрам Азончыкам, атрымаў сярэбраны медаль на адным з прэстыжных міжнародных фестываляў, у 1986 годзе ў Таліне. Манціравалі і падкладвалі музычныя дарожкі інтуітыўна. У 80-я гады на савецкай тэхніцы сінхранізаваць гук і выяву было складана.
Валерый Вядрэнка тады зразумеў, што гэта толькі пераходны перыяд...
«Сёння кіно можна здымаць на тэлефон, а гадоў сорак назад гэта было неспасціжна. Пра «лічбу» ніхто і не марыў. Тым не менш мы зрабілі фільм «Патрыярх», які актуальны і сёння ― пра патомнага ганчара з Пружан Антона Токарэўскага. Ён рабіў шыкоўную кераміку, чорную, задымленую, але такую вытанчаную», ― распавядае Валерый Вядрэнка.
Перабудова зруйнавала ўсе мары. Жыццё распалася на дзве часткі. Кінематографам заняцца так і не давялося, а цікавасць да народнай творчасці, этнаграфіі засталася. Як да ладу жыцця людзей. У 1990-я думалі пра тое, як выжыць. Было не да мастацтва. У райцэнтрах Валерый Вядрэнка як архітэктар рабіў музеі ― ад стварэння праектаў да іх завяршэння. Але гэта было не тым, да чаго ён ішоў...
Карціны нібы кіно
Валерый Вядрэнка мог стаць і мастаком, сябраваў з мінскімі жывапісцамі. Але яму складана было знайсці сябе ― усё, чым бы ни займаўся, не задавальняла цалкам.
Магчымасці плёначнай фатаграфіі, гэтак жа як і аматарскіх кінапрыбораў, яму не падабаліся. Ідэі былі занадта складаныя для ўвасаблення пры наяўных тэхнічных магчымасцях.
Давялося чакаць гадоў дзесяць, каб з’явілася лічбавая фатаграфія і праграмы для яе апрацоўкі, такія, як фоташоп. «Калі з’явілася магчымасць займацца фотамантажом, які пасля я назваў фотапластыкай, усё астатняе адпала. Пакуты творчасці сышлі. Я стаў змяшчаць тое, што хацеў, у адным кадры.
З розных месцаў і часоў збіраў у адной плоскасці свае вобразы, злучаў партрэт, нацюрморт і пейзаж на адным палатне».
Фоташоп Валерый Вядрэнка вывучаў метадам проб і памылак, самастойна. Ён упэўнены, што гэтая праграма, вельмі тонкая і пераканаўчая ў сваёй функцыянальнасці, створана дя мастакоў, а не тых, хто проста падцягвае фігуры і прыбірае з твару маршчыны. Лічбавы фармат, паводле яго слоў, нараджае новыя перспектывы для мастацтва, дазваляе бясконца дарабляць стары матэрыял, дадаваць да яго нешта новае, вяртацца і ўдасканальваць ужо адзнятае.

Але ў планах ― пайсці яшчэ далей. Яго прыцягнуў фармат мультымедыйных карцін, падобна тым, што паказвалі ў выставачнай прасторы ЦЭХ, калі прывозілі Ван Гога. «У маёй фотапластыцы ёсць патэнцыял руху. Яна не змяшчаецца ў раме пад шкельцам, яна патрабуе музыкі, інтэрактыва, кружэння. Глядач павінен быць паглыблены ў мастацтва, захоплены з ног да галавы. Толькі тады я змагу ў поўнай меры паказаць таго ж Антоніа Гаўдзі, бо грандыёзную архітэктуру, якая працуе толькі на паветры і ў прасторы, немагчыма змясціць у двухмерны фармат», ― лічыць мастак.
Гервяцкая сімфонія
На адным з турстычных сайтаў сёння невялікую вёску Гервяты ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці называюць маленькай Швейцарыяй ― з-за велічнага гатычнага касцёла Святой Тройцы, які 10 гадоў таму прыцягнуў увагу Валерыя Вядрэнкі. Рабілася збудаванне віленскім дойлідам Вацлавам Міхневічам на пачатку XX стагоддзя.
«Мне вельмі блізкая архітэктура, я яе разумею. Пасля таго, як зрабіў пластычныя серыі карцін па Празе, Кракаве, Любліне, стаў шукаць новыя тэмы. І наткнуўся на месца з дванаццацю скульптурамі апосталаў і анёлаў. Для Беларусі такая колькасці ― вялікая рэдкасць. Калі прыехаў здымаць (справа была ў сакавіку), з прыродай адбывалася нешта містычнае: выбуховае пякучае сонца рэзка змянялася віхурай велізарных снежных шматкоў! Сапраўдная прыродная сімфонія! Я ехаў фатаграфаваць скульптуры, а там ― шыкоўны, эфектны касцёл, абсалютна еўрапейскі, ды яшчэ ў старой вёсачцы. Чароўная атмасфера!», ― дзеліцца фатограф.
Ён праздымаў тады чатыры гадзіны, знайшоў усё, што шукаў, і зрабіў выстаўку «Апосталы Гервят» у Мінску, у Чырвоным касцёле, а падарыў потым свае работы касцёлу ў Гервятах. Валерый Вядрэнка упэўнены: такія месцы, як Гервяты, каштоўныя тым, што не хлусяць, сумленна захоўваюць памяць, распавядаюць пра тое, што рэальна было тысячу гадоў таму. Гэта не горад, шумны і бурлівы. Менавіта ў беларускіх мястэчках, у глыбіні краіны, адчуваецца народны дух. Не каларыт нават, а менавіта дух. Мінулае становіцца рэальным, блізкім, ты можаш да яго мімаволі дакрануцца, адчуваеш яго энергетыку ў паветры.
Барселонская неспасціжнасць
Адно з самых вялікіх уражанняў яго жыцця ― тварэнні геніяльнага іспанскага архітэктара Антоніа Гаўдзі, большасць праектаў якога ўпрыгожвае Барселону. Але прыцягваюць Валерыя Вядрэнка не хаты, палацы і сядзібы, а касцёлы, храмы. Сам Гаўдзі быў вельмі рэлігійны. Дзякуючы яго святым пабудовам верыш, што ёсць сіла, вышэйшая, боская, таму што аднаму чалавеку задумаць і ўзвесці такія збудаванні амаль нерэальна.
Валерый Вядрэнка успамінае адно з самых маштабных збудаванняў іспанца, убачанае на свае вочы ― Адкупленчы храм Святой Сям’і, называючы яго Саграда (ад каталонскага Temple Expiatori de la Sagrada Família).
«Што можа адзін чалавек, якому ёсць пра што сказаць свету? Усё! Гаўдзі ― кераміст, архітэктар, скульптар, мазаічнік, універсальны мастак. Скаланае аб’ём працы, які ён зрабіў за адно жыццё. Яго сабор пастаянна будуецца, ён жыве ў ім. Я б хацеў, каб будаўніцтва не заканчвалася, у гэтым пастаянным руху прывабнасць. Апошняя кропка нешта адбярэ...», ― адзначыў Валерый Вядрэнка.
Яго выстаўка «Паклон Гаўдзі», якая прайшла ў сталіцы вясной, па словах майстра, хоць і паказала, але не перадала да канца ўсю каласальнасць і неспасціжнасць вялікага архітэктара і яго тварэнняў. Тут патрэбны іншы фармат.
У наступным годзе фатограф плануе паказаць нам свой «Лошыцкі сшытак», таксама фотапластыку, фотаграфіку і фатаграфію ў адным, распавесці пра апошнія дні старажытнай Лошыцкай сядзібы і яе наваколля, месца, якое ператварылася... у адрэстаўраваны музей, які многае страціў у душэўным плане. Чатыры гады ён працаваў над гэтымі здымкамі. Вось тут зварот да мультымедыя якраз не патрэбны. Усё павінна быць гарманічна, усюды ёсць свая мера, дарэчнасць. Нельга ўціскаць новыя тэхналогіі ўсюды.

Японская філасофія Вязынкі
Месца зусім іншае, але таксама чароўнае. Там ― дача Валерыя Вядрэнкі, дзе ён цяпер праводзіць шмат часу. Ніякіх садоў і агародаў: дамок, пару градак, а вакол ― сажалка, поле, векавыя дубы і старадаўняе гарадзішча…
«Калі толькі заехалі, пайшоў здымаць. Зрабіўшы пяць кадраў, падумаў: Божа, ды я ўсё сфатаграфаваў тут! А на справе выйшла, што назбіралася на тры выстаўкі і ўжо ёсць матерал для чацвёртай. Трэба проста ўмець фіксаваць стан наваколля ― і гэта далёка не заўсёды прыгожыя, эфектныя карцінкі. Прырода значна глыбей і заслугоўвае большай цікавасці, чым толькі дзеля ўдалага ракурса», ― кажа Валерый Вядрэнка.
«Калі ад пэўнага сантыметра вады, які цябе прыцягнуў, зыходзіць энергія, трэба зафіксаваць яе. Ёсць дзве галоўныя рэчы для фатографа: увага, а таксама памяць, зрокавая і пачуццёвая. Чаму ішоў і раптам спыніўся? Два метры таму гэтага не было, пяццю секундамі раней ― таксама. Што прыцягнула? Успомніць гэты стан і зафіксаваць яго ― вось дзе майстэрства! Але гэта яшчэ не ўсё. Самая цікавая праца адбываецца за камп’ютарам, пры апрацоўцы. Таму для мяне не важна, фатаграфую я прафесійнай камерай ці мыльніцай. Фатаграфія ― гэта сыравіна, малюнак, паўфабрыкат. Лічба не дае гатовага выніку, карціна з’яўляецца толькі падчас працы ў праграме, калі ты падключаеш ўспаміны да кожнага кадра, думаючы пра тое, якія ў гэтым моманце былі колеры, робіш яго як быццам зноўку», ― упэўнены Валерый Вядрэнка.

Цікава, але, па яго словах, у прыродзе шмат жаночага. Яна можа схапіць, закрануць, паказаць самае цікавае, а потым раз ― і схавацца, чакаць, вывучаць, сачыць, правяраючы, верны ты ці не. Ён даўно ўжо здымае ў Вязынцы, здавалася б, адны і тыя ж месцы, але так па-рознаму. У кожную паравіну года. Нічога экзатычнага ― святло і цені ў галінах дрэў, адлюстраванні аблокаў у вадзе, палачкі і травінкі. Але ў гэтых простых вобразах можна знайсці акіяны і цэлыя планеты. Яго не цікавіць кампазіцыйна вывераны пейзаж. Важныя нюансы, тонкасці, адценні. Адчуваецца падыход, блізкі японскай філасофіі: сузіранне звычайнага і пошук у ім сэнсаў.
Марыя ВОЙЦІК
Comments