top of page
Поиск

Запрашэнне у іншы свет

  • Фото автора: Мария Войтик
    Мария Войтик
  • 30 авг. 2021 г.
  • 6 мин. чтения

Беларускі графік Раман Сустаў ― вынаходнік нашага часу. І яго герой. На яго карцінах шмат механізмаў, лабірынтаў, геаметрычна вывераных форм, а людзі як быццам складаюцца з медных пласцін, маленькіх дэталяў. На самай справе гэта хутчэй метафара, таму што яны моцныя духам, нібы сталь. Паўсюль пануе дух першаадкрывальніцтва, рамантыкі.



Жанчыны носяць гарсэты, мужчыны ― мудрагелістыя старадаўнія касцюмы. Стылізацыя розных эпох альбо стварэнне сваёй, асаблівай цывілізацыі? Графік не баіцца змешваць навуку і містыку. Ён ілюструе фантастычныя кнігі, выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Нядаўна дзве яго выстаўкі прайшлі ў Польшчы. Запрашаюць больш у Еўропе, чым на радзіме. Чаму так адбываецца? Пра што мастак імкнецца распавесці сваёй творчасцю? З якімі праблемамі, на яго думку, сёння сутыкаюцца прадстаўнікі сучаснага мастацтва? Чаму, напрыклад, галерэйны бізнес для нас ― нешта экстраардынарнае?


Змена фармату, ці Страчаная прастора



«Аднойчы ў адным з бельгійскіх гарадкоў я сутыкнуўся з даволі незвычайнай формай галерэй ― у прыватным доме. У сям'і была вольная прастора на першым паверсе катэджа, дзе яны зладзілі выстаўку мастака. Цалкам бясплатна. Іншыя па гэтай жа модзе арганізавалі друкаваную графічную майстэрню, дзе аўтар мог і рабіць сваю працу, і праводзіць навучальныя майстар-класы. Але да нас пакуль не дайшло такое разуменне мастацтва. Тым не менш сітуацыя павінна змяніцца ў хуткім часе. Хочацца, па крайняй меры, верыць», ― распавядае Раман Сустаў.


На думку графіка, Мінску бракуе прасторнага, шматфункцыянальнага музея сучаснага мастацтва, дзе не толькі праходзілі б выставы, але і працавалі майстэрні. Такі праект быў амаль магчымы, калі б не «замарозіўся» па прычынах, хутчэй за ўсё, «выключна камерцыйнага падыходу» да будынка. Усё было амаль гатова: разлічана, з якога боку пасадзіць жывапісцаў, каб святло не было занадта яркім, дзе размясціць графікаў з іх друкаванымі станкамі і нават скульптараў, якія ствараюць творы ў некалькі метраў вышынёй.




Вялікі шкляны будынак мог упрыгожыць вуліцу Раманаўская Слабада, там, дзе сёння стаіць кінатэатр «Беларусь» і стаць годнай альтэрнатывай Палацу мастацтваў. Крыўдна, што і казаць. Якраз кінатэатраў у нас дастаткова.


Так, у сталіцы нядаўна быў утвораны Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў ― месца знакавае, вельмі актыўнае, якое не трапляе пад шаблоны. Але цэнтр знаходзіцца ў двух карпусах ― на праспекце Незалежнасці, 47 і на Някрасава, 3, дзе калісьці былі мастацкія майстэрні. А можна ж было аб'яднаць усіх гэтых таленавітых людзей, іх ідэі пад адным дахам, стварыць аб'ект, які стаў бы сімвалам сталіцы. Не горш за чарговую Мінск-Арэну альбо Нацыянальную бібліятэку.



«У маленькім гарадку, які знаходзіцца ў паўночнай Польшчы, Гданьску, які ў чатыры разы менш за нашу сталіцу, ёсць такога роду музей ― проста шыкоўны!» ― успамінае Раман Сустаў. Такія месцы можна смела ўключаць у даведнікі для турыстаў: яны сапраўды будуць падымаць прэстыж краіны ў адрозненне ад бясконцых суперфункцыянальных гандлёва-забаўляльных комплексаў невядома для каго, з цэннікамі вышэй за норму. Па словах мастака, мастацтву ў Беларусі не хапае «магнітнага інфармацыйнага воблака, што будзе прыцягваць увагу», каб на слыху былі не толькі тавары з назойлівай рэкламы, а, скажам, імёны і прозвішчы мастакоў, якімі, між іншым, трэба ганарыцца.


Апошнія героі?


Сваіх студэнтаў, будучых графікаў, Раман Сустаў называе спецназаўцамі. Яны сёння на вагу золата. Восем чалавек на курсе з усёй Беларусі, носьбітаў традыцый. Большасць паступае, скажам, на графічны дызайн ― гэта нібыта перспектыўней. У мінулым годзе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў амаль не было конкурсу на жывапіс і скульптуру. Прыходзь, падавай дакументы ― і сардэчна запрашаем. У даперабудовачны час гэта былі адны з самых прэстыжных аддзяленняў.



Раман Сустаў сам марыў працаваць з глінай, таму што гэта іншы свет ― аб'ёмы, фактура. Але лёс распарадзіўся па-свойму яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі ― графікі. Тата, Мікалай Казлоў, вядомы ў Беларусі мастак. Ілюзій у хлопчыка не было ― была цвёрдая ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца.


Эстэтыка стымпанка і парад планет


Калі вы ўбачыце на адной з карцін волата з велізарным караблём на галаве, гэта, напэўна, «Foundation», а значыць, мужны Ной, што выратаваў чалавецтва. Праца прысвечана моцнаму розуму і духоўнай сіле, неардынарнай асобе. Раман Сустаў любіць прадстаўляць тых, у каго ёсць пэўны ўнутраны патэнцыял, тых, хто хоча сваімі энергіяй, напорам і фантазіяй змяніць свет да лепшага. Тое самае можна сказаць і пра яго, аўтара.



У кожнай работы свая гісторыя. Графіка тым і добрая, што яе мова вельмі дэталёвая і ў той жа час ненадакучлівая, заўсёды па-добраму сціплая. Тут не можа быць буянства фарбаў, як, напрыклад, у акварэлі, але ёсць насычанасць рыс. Раман Сустаў любіць прадстаўляць аб'екты, вобразы ў самых неардынарных кантэкстах.


Напрыклад, яму падабаецца стымпанк. Дакладней, цяга да рамантыкі віктарыянскай эпохі, цывілізацыі «на пару», без бензіну і электронікі, з'явілася ў графіка гадоў 10 таму, калі гэты рух яшчэ не стаў мэйнстрымам. Так, графік яшчэ і прадказальнік ў нейкай меры. На адной з карцін Траянскі конь нагадвае вялікі замак, складзены з магутных механічных дэталяў. Тая ж трансфармацыя і з людзьмі: многія з іх падобныя на рыцараў будучыні ў хітра сканструяваных даспехах.


Раман Сустаў захапляецца кіберпанкам, фантастыкай зусім іншага «ракурсу», дзе паэтызуецца ўкараненне чалавека ў космас. Адсюль работы «Зорны пыл», «Пераход», «Зацменне» , «Месяц», «Бездань». Улюбёны матыў ― планета. Яна з’яўляецца амаль усюды, і няважна, Месяц гэта ці Сонца, чырвоная яна альбо белая. Гэта выразны графічны сімвал, які ўраўнаважвае багацце дэталяў. Яшчэ адзін часты матыў ― лабірынты, загадкавыя, чароўныя, як называе іх сам мастак.



У асноўным працы чорна-белыя, але час ад часу ў лаканічны дуэт урываецца чырвоны, асаблівым, эмацыянальным акордам. Мастак любіць эксперыментаваць.


З эпохі Адраджэння


Раман Сустаў працуе па класічных еўрапейскіх канонах гравюрнай тэхнікі. Ён давёў да дасканаласці лінагравюру, стаў апрацоўваць лінолеум разцамі не груба і буйна, як было распаўсюджана раней, а дробнымі дэталямі, паслядоўна, карпатліва. На адну такую карціну ў яго сыходзіць да месяца.



Графік з задавальненнем паказаў у сваёй майстэрні, як вырабляюцца афорты. Працэдура не памянялася з XVI стагоддзя! На цынкавай пласціне, прыкладам, трэба выдрапаць малюнак, а потым пад ціскам перавесці яго на паперу. Часам трэба апускаць пласціну ў кіслату, каб выява пратравілася. Меца-тынта, акватынта, гравюра сухой іголкай ― тэхнікі адрозніваюцца матэрыяламі, якія трэба выкарыстоўваць для канчатковага эфекту. Дзесьці пакрыць лакам, дзесьці прымяніць смалісты парашок.


Свет ілюстрацый


«У апошні час з замовамі на ілюстрацыі напружана. Але я ўсё роўна працую. Афармляў, напрыклад, казкі нямецкага генія, Гофмана, падтрымліваю літаратурную творчасць сяброў», ― дзеліцца Раман Сустаў.


Так ён аформіў дзіцячы прыгодніцкі раман Аляксея Шэіна «Сем камянёў» ― сапраўднае фэнтэзі для падлеткаў, якога, дарэчы, у нас не так шмат. Папрацаваў над кнігамі Валянціна Маслюкова «Нараджэнне чараўніцы». У Расіі яна стала бестселерам, а потым толькі яе перавыдалі ў нас. Выданні аформлены пад даўніну, у вокладцы пад скуру, з картамі фантастычных зямель... Хочацца насіць з сабой як талісман, пропуск у іншы свет.


Працаваў над новай серыяй ― «Хронікі Нарніі» на беларускай мове. «У крамах паліцы ломяцца ад кніг для малых, а для падлеткаў амаль нічога прыстойнага. Мы губляем гэтую аўдыторыю», ― кажа ілюстратар.


Яшчэ ён актыўна займаецца экслібрысамі: стварае малыя графічныя формы, якія карыстаюцца папулярнасцю ў калекцыянераў па ўсім свеце.


Мастацтва і грошы­­



«Неабходна развіваць у Беларусі галерэйны бізнес. Павінны быць такія людзі, камерсанты, якія стаяць паміж мастаком, яго працамі і пакупніком, калекцыянерам. Не самому ж аўтару сябе расхвальваць? Прафесійныя галерысты, якія ўмеюць паднесці творчасць таго ці іншага майстра, і самі добра жывуць, і мастацтву дапамагаюць развівацца. А ў нас наогул іх няма», ― распавядае графік.


Добра, што сталі з'яўляцца прыватныя мастацкія пляцоўкі: «Дом карцін», «Галерэя ДК», «A & V art gallery», «Імёны art-boutique». У апошняй, дарэчы, займаюцца продажам карцін, знаходзячы кампраміс паміж салонам і выставачным прасторай.


«У нас ёсць людзі, якія могуць набыць твор мастацтва, але яны проста не ведаюць, навошта гэта трэба і дзе гэта зрабіць. Прасцей укласці сродкі ў італьянскую плітку ― яе ж ўсюды рэкламуюць. Да мяне ад бацькі перайшлі раннія графічныя працы Барыса Заборава, які цяпер паспяховы ў Францыі. Дык вось праз гады яны будуць каштаваць казачных грошай! Мастацтва ― гэта выдатнае ўкладанне», ― упэўнены Раман Сустаў.



«На душу насельніцтва ў сталіцы адкрываецца шмат выставак. Значна важней арганізоўваць буйныя верснісажы тыпу арт-праекта «Восеньскі салон» з Белгазпрамбанкам, дзе мастакі могуць не проста выставіцца, а, напрыклад, атрымаць прыз, заняць месца, прыняць удзел у конкурсе, заваяваць больш гледачоў і атрымаць эмацыянальны зарад! А не так, што, калі мы робім, напрыклад, экспазіцыю секцыі графікі акадэміі, то я сам афармляю працы, купляю рамы і шкло, прыводжу, стаўлю ― і праз два тыдні забіраю. Туды прыходзіць дзясятак-два чалавек, шкло пабіта. Як быццам нічога і не адбылося. Толькі страты», ― адзначае Раман Сустаў.


Мастацтву таксама патрэбна атмасфера спаборніцтва, грамадскі рэзананс, адчуванне таго, што робіш не «для птушачкі». Нядаўна Раман Сустаў прымаў удзел у выставе ў Беластоку. Проста таму, што яго туды запрасілі, праявілі ініцыятыву і цікавасць. Зразумела, на вернісаж прыйшлі не толькі, як тут часта бывае, сябры і знаёмыя, а звычайныя мінакі. Гэта падганяе наперад, натхняе.

Справа аб адкрыцці



«Кожная выстаўка мае патрэбу ў прыгожай падачы. Вы не стаміліся ад дакучлівых афіцыйных адкрыццяў, гэтых гурткоў ля мікрафона, калі вакол мастака збіраюцца ўсе, хто хоча абавязкова выступіць са сваёй прамовай? У Еўропе такое даўно ўжо не практыкуюць», ― нагадвае Раман Сустаў.

Сапраўды, людзі прыходзяць на вернісаж, каб спакойна паразмаўляць з аўтарам, з карысцю правесці час, самастойна атрымаць асалоду ад мастацтва. Раман Сустаў упэўнены, што ўсе гэтыя стандартныя адкрыцці ўжо зжылі сябе, ператварыліся ў фармальнасць. Трэба шукаць іншыя падыходы. Час не стаіць на месцы.


Марыя ВОЙЦІК


Апублікавана у газеце "Літаратура и мастацтва"



 
 
 

Comments


  • Instagram
  • Facebook Социальной Иконка
bottom of page