Рухавік Алоунікава: споведзь беларускага кампазітара
- Мария Войтик
- 14 авг. 2021 г.
- 5 мин. чтения
Чаму мы павінны ведаць сваіх кампазітараў? Ці можна за адзін вечар пабываць адразу ў трох стагоддзях? Піяніст-віртуоз, народны артыст Беларусі, уладальнік медаля Францыска Скарыны, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ігар Алоўнікаў разважае, наколькі моцным вырасла новае пакаленне піяністаў і якія традыцыі мае беларуская музыка.

КАМПАЗІТАР І ВЫКАНАЎЦА: РОЗНАСЦЬ ЛЁСАЎ
Фартэпіянная школа Беларусі, па словах Ігара Алоўнікава, ступіла далёка наперад яшчэ з тых часоў, як ён вучыўся ў музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам выбітнага педагога Ірыны Цвятаевай. «Кожны год мы атрымліваем цэлую плеяду маладых піяністаў, якія шыкоўна іграюць, спраўляюцца з самымі складанымі праграмамі. Я маю на ўвазе не толькі тэхніку, але і раскрыццё мастацкага вобраза. Усё гэта ў нас — на міжнародным узроўні», — кажа піяніст.
З іншага боку, існуе праблема захавання кампазітарскіх традыцый, наогул такой прафесіі. «Працягваюць пісаць старэйшыны, такія як Ігар Смольскі, а маладыя пакуль у пошуках — сябе, стылю, тэм для размовы са слухачом. На мой погляд, нічога значнага, на жаль, у апошні час у фартэпіянным мастацтве не створана. Цікавасць да кампазіцыі ў чыстым выглядзе быццам згасае. Яна актыўна абслугоўвае прыкладныя галіны — тэатр альбо кіно. А вось узяць і напісаць сімфонію, ды яшчэ так, каб пра яе загаварылі... Нават паласа эксперыментаў скончылася. Публіку ўжо нічым не эпатуеш — ні выкідваннем раяля з акна, ні бачкамі ад унітазаў замест музычных інструментаў. На змену пэўным стылям прыйшла эклектыка, «жангліраванне», перайманне і цытаванне», — упэўнены Ігар Алоўнікаў.
ПРАЎДА Ў КАРАНЯХ

Калі прасачыць за развіццём беларускай музыкі, то можна вылучыць некалькі тэндэнцый. Многія кампазітары як бы на перыферыі. Улічваючы, што Беларусь заўсёды знаходзілася на скрыжаванні еўрапейскіх шляхоў — гандлёвых, эканамічных, культурных. «Некаторых аўтараў, у тым ліку Агінскага ці Манюшку, нельга прылічыць да адной нацыі. Гэта здабытак і палякаў, і беларусаў. Таму ў ВНУ нас і вучылі, што беларуская музыка, маўляў, пачалася толькі пасля рэвалюцыі. З-за такой устаноўкі мы многае страцілі», — распавядае Ігар Алоўнікаў.
Праўда, творчая бруя, якая ўлілася ў беларускую кампазітарскую школу менавіта пасля рэвалюцыі, стала вельмі плённай. Таму што заснавана была на школе Мікалая Рымскага-Корсакава, які вельмі паважаў нацыянальную спецыфіку выканання. Нацыянальныя карані настолькі моцныя, што, так ці інакш, праяўляюць сябе ў мастацтве.
Музыка не выключэнне, праўда, калі яна меладычная, а не разбуральная. Беларускіх кампазітараў ХХ стагоддзя часта называлі старамоднымі. Усё таму, што яны арыентаваліся на гармонію і выразную інтанацыю, імкнуліся да фальклорных традыцый. Ігар Алоўнікаў справядліва сцвярджае, што разумець музыку можна толькі праз асобы кампазітараў. Выконваць твор па нотах, не ведаючы пра яго нічога, неразумна і бессэнсоўна. Ён сам, здаецца, ведае пра творцаў, сусветных і беларускіх, усё. У ліку прыярытэтаў — фартэпіяна Бетховена і Шапэна, музыка аргана ад Баха і сімфанічны талент Чайкоўскага.
СВЯТОЕ ДЗЕЯННЕ
Бацька піяніста, Уладзімір Алоўнікаў, вядомы на Беларусі кампазітар. Ствараў сімфанічную, камерна-інструментальную і вакальную музыку. Аддаваў перавагу гераічным і патрыятычным тэмам. «Не ведаю, як да бацькі прыходзіла мелодыя, бо ён быў меладыстам ад Бога. Але я бачыў, як ён адпрацоўваў драбнюткія дэталі твора, пераходы, звязаныя са словамі ў песнях. Усё было выбудавана проста ідэальна! Бацька быў не толькі кампазітарам, але і выдатным піяністам, таму і яго акампанемент заўсёды адрозніваўся насычанасцю, разнастайнасцю», — дзеліцца Ігар Алоўнікаў. У доме стаяла піяніна, узятае напракат у Беларускім саюзе кампазітараў. Насупраць — круглае крэсла, што круціцца і ездзіць, стол з ідэальна навостранымі алоўкамі і паперай. Уладзімір Уладзіміравіч наігрываў нешта і адразу запісваў, перамяшчаючыся на крэсле паміж «лакацыямі». Дом Алоўнікавых напаўняўся чароўнасцю...
«У яго ніколі не было, скажам, нацягнутых месцаў або сумнеўнай гармоніі ў творах. Усё да канца прадумана. Як быццам гэта не песня, масавая, а камерны мастацкі твор. Ён цалкам давяраў толькі інструменту», — распавядае Ігар Алоўнікаў. Некаторыя кампазітары, як, напрыклад, Шастаковіч, пішуць адразу на паперы, не правяраючы. Але тут больш логікі, чым творчай адданасці.
НАКАНАВАННЕ ЦІ ВЫБАР?

Лёс усё вырашыў за яго. Бацька піша музыку, мама спявае, працуе ў філармоніі. У 9 гадоў ён пачаў ёй акампаніраваць. З дзяцінства увабраў атмасферу канцэртаў. Непатрэбныя былі размовы, куды паступаць. Хоць, вядома, як і любога хлапчука, цягнула да ўсяго тэхнічнага, а сядзець за раялем і развучваць эцюды з гамамі зусім не хацелася. «Калі ніхто за мной не сачыў, я не займаўся. Выдумляў усякія прычыны, збягаў. Цікавасць да працэсу навучання з’явілася толькі ў старэйшых класах. Мой педагог, Ірына Цвятаева, прывучыла выпрацоўваць інтарэс да працэсу ўдасканалення, шукаць свае прыёмы выканання, іграць так, як сам бачыш, галоўнае — цікава. У кожным такце я стаў знаходзіць фарбы, пераходы. І так захапіўся! Раней мог толькі музіцыраваць, імправізаваць, чытаць з ліста. А з узростам стала зразумела, што без пальцавай тэхнікі нікуды. Асабліва калі хочаш перамагчы на конкурсе. Вось тут да мяне прыйшла яшчэ і радасць матывацыі», — успамінае Ігар Алоўнікаў.
Першы выступ юнака з аркестрам адбыўся ў адзінаццацігадовым узросце, а ў сямнаццаць ён ужо быў лаўрэатам трох фартэпіянных конкурсаў. Працягнуў адукацыю ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі па класах фартэпіяна і аргана. Вярнуўся ў Мінск у якасці саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі і педагога ў акадэміі музыкі, дзе выступіў як ініцыятар адкрыцця арганнага класа. Ягоныя вучні таксама заваёўваюць узнагароды, імкнуцца да дасканаласці.
НЕАДНАЗНАЧНАСЦЬ ПЕРАМОГІ

Дарэчы, да конкурсаў, асабліва міжнародных, у Ігара Алоўнікава дваякае стаўленне. Ён сам бываў у журы. «З аднаго боку, добра, што маладыя музыканты імкнуцца выступіць, каб узбагаціць рэпертуар, атрымаць стымул, пазнаёміцца з новымі творамі, часам вельмі неспадзяванымі. Гэта штуршок, трэніроўка ўмення слухаць іншых, аналізаваць. Але не ўсякая добрая ігра падыходзіць для конкурсу. Важна разумець, што ты павінен спалучаць у сабе цэлую гаму якасцей, прычым, часам процілеглых. Ёсць такая з’ява, як выдатная фартэпіянная ігра, тонкая, цёплая і пачуццёвая. Але гэтага недастаткова для перамогі.
На конкурсах дзейнічае спартыўны элемент. Патрэбныя яшчэ і цягавітасць, уменне выконваць вялікія праграмы, бездакорнасць тэхнікі, дакладнасць, фізічная сіла, незвычайнасць. І, нарэшце, жалезныя нервы, каб пераадолець сцэнічнае хваляванне. Гэтыя якасці супрацьлеглыя тым, пра якія я ўжо казаў у спрэчках. Дадзена такое спалучэнне далёка не кожнаму», — дзеліцца вопытам піяніст. На яго думку, у самой краіне конкурсаў менавіта для маладых піяністаў, якія б падтрымліваліся Міністэрствам культуры, не так шмат. Адзін праходзіць раз у чатыры гады, іншыя фактычна спыняюць існаванне.
Такі лёс напаткаў цудоўны конкурс імя прафесара Ірыны Цвятаевай, фестываль-агляд, дзе выступалі выпускнікі і студэнты музычных каледжаў, а самым таленавітым з іх прапаноўвалі паступаць у акадэмію музыкі без іспытаў, як алімпіяднікам. Дзіцячых «спаборніцтваў», праўда, шмат, але яны маленькія, арганізоўваюцца, як правіла, школамі, асобнымі мястэчкамі. За апошні месяц Ігару Алоўнікаву давялося прысутнічаць на трох такога кшталту мерапрыемствах.
ВЕЧНЫ РУХАВІК
Наогул, піяніст знаходзіць творчасць паўсюль. Яго вынаходніцкі талент праяўляецца ў незвычайным для музыканта хобі — электроніцы. Найбліжэйшая задума — усталяваць у пакоі светадыёднае асвятленне з хітрай канструкцыяй, каб можна было ўключаць падсвятленне розных колераў, пад настрой, размяркоўваць яго раўнамерна і атрымліваць асалоду ад камфорту, які створаны сваімі рукамі.

Ён пастаянна нешта майструе, любіць пасядзець з паяльнікам, а ў дзяцінстве апантана збіраў канструктары і электронныя схемы. Праўда, самі канцэрты «разбаўляць» цудамі тэхнікі не спяшаецца. «Трэба падзяляць высокае мастацтва і шоу-бізнес. Яны не павінны пранікаць адно ў другое. Людзі і так перастаюць слухаць, пагружаныя ў сучасныя хуткасці і стрэсы. Што робяць імпрэсарыа? Думаюць, як іх прыцягнуць. Але сродкі візуалізацыі або ўкрапванне тэатральнага дзеяння ў класічны канцэрт рассейваюць увагу, перашкаджаюць паглыбляцца ў мелодыю, памяншаючы сілу яе цудоўнага ўздзеяння», — упэўнены Ігар Алоўнікаў.
Яго выступы, хоць і ў акадэмічным фармаце, праходзяць практычна нонстопам. Толькі што вярнуўся з Чалябінска, дзе прымаў удзел у арганным фестывалі. Нядаўна прайшоў аўтарскі канцэрт у Белдзяржфілармоніі, дзе творы ў яго апрацоўцы ігралі вучні. На дзіцяча-юнацкім конкурсе імя Шастаковіча таксама быў. А планаў столькі, што ўсе без штодзённіка і не пералічыш.
Марыя ВОЙЦІК
Comments