top of page
Поиск

Алесь Родзім як водгалас берлінскага «Тахелеса»

  • Фото автора: Мария Войтик
    Мария Войтик
  • 17 авг. 2021 г.
  • 4 мин. чтения

Адзін з самых каларытных прадстаўнікоў беларускага авангарду (успышка якога з’явілася на небасхіле нашай арт-планеты яшчэ ў 1980-я гады) Алесь Родзім выступае за сімбіёз мастацтваў ― выяўленчага, музычнага, літаратурнага.



Для яго гэта не проста эклектыка, а нараджэнне чагосьці ўнікальнага, незвычайнага. Як прыклад — фестываль «Дах», які праходзіу у прасторы «Верх».


Алесь Родзім, рэзідэнт знакамітага артхауса «Tacheles» у Берліне (у яго сценах збіраліся творчыя людзі з усяго свету), ведае, што такое быць вядомым на Захадзе (і як гэта зрабіць). Яго карціна «Нон-стоп панарама» — пра чалавека, які трапляе ў розныя жыццёвыя калізіі, — заваявала сэрцы немцаў так моцна, што ён застаўся дзякуючы ёй у Берліне на цэлых 13 гадоў. Майстар разважае пра прызначэнне мастака, паралельна раскладваючы «мазаіку» чалавечага існавання і вострых праблем у нашым мастацтве.



Будучыня з матэрыі мінулага


Нягледзячы на берлінскую «прапіску», Алесь Родзім застаецца мастаком беларускім. Шмат увагі надае ў сваёй творчасці нашай гісторыі. Разам са Зміцерам Юркевічам (з якім ён і засноўваў калісьці фестываль «Дах») даследуе жыццё Тадэвуша Рэйтана, дэпутата Навагрудскага ваяводства, аднаго з тых, хто выступаў у абарону Беларусі пры падзелах Вялікага Княства Літоўскага, увогуле супраць драбнення дзяржавы.

Творца, які шмат падарожнічаў і бачыў, а значыць, можа параўнаць і паразважаць, лічыць, што Беларусь упісана ў сусветны мастацкі кантэкст, але гэты «запіс» не абнаўляецца. Як помнік, усім вядомы ў горадзе, але якому патрэбна рэстаўрацыя, другое жыццё, новае дыханне.

«У беларускага мастацтва ёсць трывалы падмурак. Папярэднікі сучаснай кагорты мастакоў, у ліку якіх Марк Шагал і Хаім Суцін, заявілі пра Беларусь так гучна і выразна, што іх імёны да гэтага часу ствараюць імідж нашай краіны. Шагал наогул падняў цэлую хвалю толькі за кошт уласнага таленту, зацятасці і высілкаў. Дзякуючы Суціну даведаліся, што гэта за мястэчка такое — Смілавічы», ― кажа Алесь Родзім.


Цяпер крыху іншы час: правілы гульні на арт-рынку змяніліся. Канкурэнцыя большая, тэхналогіі рвуцца наперад, спаборнічаюць побач з класічнымі жанрамі. Каб адпавядаць, трэба больш: сіл, часу, грошай. На апошнім аргуменце ўсё і «спыняецца».


Куды рухацца?


Але з вядомасцю новых беларускіх імёнаў у Еўропе, па словах мастака, цяпер праблемы. Не таму, што іх няма: з Акадэміі мастацтваў выходзяць цэлыя шэрагі таленавітых жывапісцаў, графікаў, скульптараў. Вельмі моцных, якія ўмеюць прыцягнуць ўвагу да сябе і, адпаведна, да радзімы.


Справа ў тым, што мастацкая «палітыка» Еўропы няпростая, як лабірынты Борхеса. Па-першае, многія выстаўкі нашых майстроў ладзяцца ў невялікіх галерэях: гэтага недастаткова для магутнага штуршка, выбуху, які прывядзе да вядомасці.

«Мне проста пашанцавала калісьці арганізаваць буйную персанальную выстаўку ў Берліне, дзе я змог паказаць адразу каля ста работ, а потым знайшоў сяброў і знаёмых у мастацкай прасторы Берліна», ― дзеліцца Алесь Родзім.

Што нам рабіць далей, каб усё ж такі шчыльней упісацца ў творчы еўрапейскі кантэкст? Спадзявацца на тое, што павінен прайсці час (людзі цяпер больш занятыя матэрыяльнымі пытаннямі, чым духоўнымі, на ўсё воля эпохі эканамічнага крызісу). Але пры гэтым быць больш актыўнымі.


А актыўнасць павінна ісці не толькі ад мастакоў, але і тых структур, у якіх ёсць грошы. Ад банкаў, напрыклад. Беларускае мастацтва тармозіцца з-за непакрытых патрэб яго вытворцаў.

Рух ініцыятыў


«Восеньскі салон, які нядаўна адкрываўся ў Мінску, ― адна з самых выдатных культурных ініцыятыў у нашай краіне. Вось бы яшчэ ён праходзіў хоць бы раз на год, а не на два гады. Беларускім мастакам наогул патрэбна матэрыяльная падтрымка: ад спонсарскіх арганізацый, дзяржструктур. Бо што атрымліваецца? Каб зрабіць выстаўку, трэба перавезці экспазіцыю, аформіць яе, купіўшы рамы або шкло, развесіць, аплаціць арэнду плошчы. Выстаўка праходзіць ― карціны ўвозяць. І ўсё», ― разважае Алесь Родзім.


Які толк мастаку ад гэтага? Пару дзясяткаў наведвальнікаў і пасты ў сацсетках ― гэта выдатна. Але трэба тварыць далей, а для гэтага ― купляць палотны, фарбы ды іншыя матэрыялы. А калі гаворка ідзе, напрыклад, пра арганізацыю відэаінсталяцый, запрашэнне музыкаў, арганізацыю перформансаў ды іншыя спосабы пашырэння праграмы свайго вернісажу? Праблематычна. Асабліва для юных талентаў.


«У Еўропе мастакі атрымліваюць гранты ― і могуць тварыць спакойна. Улады вельмі падтрымліваюць свае імёны. Таму любому прадстаўніку з іншай краіны прабіцца складана. У прыярытэце заўсёды будзе нацыянальнае: Прага гэта або Парыж. Ды і арт-ландшафт перанасычаны. Важны яшчэ і абмен: яны да нас, мы да іх. Такое ўзаемаўзбагачэнне. Зараз у Мінску гэтая практыка добра працуе ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў», ― узгадвае мастак.

Арт-духоўнасць і цэннікі


У Берліне, дзе Алесь Родзім пражыў больш за дзесяць гадоў, арт-падзеі адбываюцца кожны дзень. «У Мінску іх таксама ў апошнія гады шмат, але недастаткова выставак у буйным фармаце, не хапае мадэрнізацыі прастор, якія ўжо існуюць, такіх як Палац мастацтваў. Састарэлае ўспрыманне застаецца і ў афармленні некаторых экспазіцый. У нас могуць напісаць: «выстаўка-продаж карцін маладых мастакоў». Што падумае абывацель? «О, чарговы кірмаш, напэўна, дорага, не пайду». А калі і зойдзе: да палотнаў, якія адносяцца да высокага, духоўнага і наогул, можа, не маюць цаны, «клапатліва» прымацаваныя цэннікі. Як на базары. Гэта разбурае аўру твораў. Чаму б не зрабіць проста прайс-лісты і раздаваць іх усім зацікаўленым? Вось у Еўропе такога няма. Мастацтва там заўсёды пад арэолам таямнічасці», ― разважае Алесь Родзім.


Пошукі сэнсаў



Карціны самога мастака і яго філасофія сугучныя. Галоўная мэта — уважлівае даследаванне свету, разуменне таго, што табе дадзена ўніверсальная мова, якая звязвае і ўвасабляе мужчынскі і жаночы пачаткі, жыццё і смерць, каханне і нянавісць... Нервамі, а не скурай, успрымае сапраўдны майстар наваколле ― напрамую, праз рэцэптары, нараджаецца варты твор. Гаворачы пра эклектыку ў сучаснай беларускай арт-прасторы, Алесь Родзім адзначыў, што яна і павінна быць, бо шмат мастакоў з розным бачаннем, гэта нармальна. Але ёсць адна тэндэнцыя: нараджэнне тэхнічна выверанага мастацтва, звязанага з найноўшымі тэхналогіямі. Так, усё часцей у сталіцы з’яўляюцца відэаінсталяцыі, жывыя скульптуры, галаграфічныя кампазіцыі... Праўда, на гэтыя «фішкі» таксама патрэбныя сродкі.


Выкід энергіі


«Усе мы ― маленькія атамы ў гэтым вялізным свеце. Кожны з’яўляецца часткай соцыуму, ніхто не існуе па-за ўзаемаадносінамі з іншымі людзьмі. Мне цікава даследаваць у сваёй творчасці менавіта гэтыя, міжасобасныя, кантакты. Прычым нават у больш глабальным сэнсе ― паміж нацыямі, дзяржавамі. Часам я разглядаю чалавека як частку космасу, які жыве па прадпісаннях “звыш”».



Пра свае планы Алесь Родзім казаць не любіць: каб не напалохаць магію. Лёсу або ўдачы. Але ў яго заўсёды ў запасе шмат ідэй, увасобленых у карцінах. Іх трактоўка ― асабістая справа кожнага гледача. Галоўнае, што эмацыянальны імпульс, пасыл заўсёды магутны.


Марыя ВОЙЦІК

 
 
 

Yorumlar


  • Instagram
  • Facebook Социальной Иконка
bottom of page