Маніфест ад Мая Данцыга, ці Што робіць нас людзьмі?
- Мария Войтик
- 25 авг. 2021 г.
- 6 мин. чтения
Яго не стала год таму. Апошні раз я бачыла Мая Данцыга, віртуоза «суровага стылю», майстра рэалізму і проста Чалавека з неверагодным пачуццём павагі да жыцця на творчай сустрэчы ў адным з мінскім музеяў.

Мастак усё жыццё пісаў пра прыгажосць простых людзей, непаўторны вобраз роднага Мінска, вёў уласны ваенны летапіс... У якіх умовах ён ствараў свае манументальныя карціны? Як нараджаліся ідэі? Што яму давялося перажыць падчас Вялікай Айчыннай вайны? Ці ёсць перспектывы ў сучаснага мастацтва? Тады Май Вольфавіч адзначаў сваё 85-годдзе. Ён быў поўны ваяўнічага аптымізму, юнацкага запалу і жыццялюбства. Яго словы - гучаць як маніфест усім нам.
ВЫРАТАВАННЕ
Ішоў сёмы дзень вайны. У час бамбёжкі Мінска сям'я Данцыгаў хавалася ў лесе, але тут каля горада навісла падазроная цішыня, прадвесніца бяды... «Тата надзеў свой лепшы касцюм, мама — сукенку. Мы амаль нічога не ўзялі. Проста пайшлі на таварную станцыю, якая знаходзілася ў раёне вуліцы Маскоўскай. Цягнікі не хадзілі, але людзі тоўпіліся. І раптам — дымок паравоза ўдалечыні! І чатыры таварныя цяплушкі. Калі машына пад'ехала да станцыі, усе думалі, што сядуць, але… Паравоз і не думаў спыняцца! Калі надзея была ўжо амаль страчана, у адным з вагонаў адчыніліся дзверцы і данеслася: «Данцыг!» Мой бацька да вайны выкладаў фізкультуру, і там апынуўся яго вучань. Толькі дзякуючы гэтай шчаслівай сустрэчы мы выратаваліся! На наступную раніцу немцы былі ўжо ў Мінску. Пачалася акупацыя. Аддзяліла ад смерці нас усяго толькі адна ноч…» — дзяліўся ўспамінамі мастак.
ХЛЕБ САЛАДЗЕЙШЫ ЗА ЦУКЕРКІ

З дзяцінства Май іграў на скрыпцы і маляваў. Паколькі вайна «забіла» любімы інструмент, застаўся з алоўкам у руках. Калі ён быў маленькім, вокны не фарбавалі, а абляплялі белай паперай. Яе і размалёўваў. Экранам у свет было акно. Сядзеў на шырокім падаконніку ў доме па вуліцы Мяснікова і глядзеў, што робіцца на вуліцы. Уражанні пераносіў на паперу. Гэта ўменне выдатна спатрэбілася яму ў ваенныя гады.
«Калі мы цудам выратаваліся, праз месяц дабраліся да Ульянаўска. Голад стаяў страшны. Спачатку мне замовіла шыльду ўладальніца ларка, дзе прадавалі хлеб па картках. Я з гонарам на кавалку жалеза напісаў «Ларок № 3».
За гэта мне далі бохан хлеба, я прынёс яго дадому і ганарыўся, што, вось, стаў карміцелем. Звычайны чорны хлеб тады здаваўся нам саладзейшым, чым цукеркі... Наступнай працай стала напісанне лозунгаў для швейнай фабрыкі, дзе працавала мама. Мяне спыталі: «Як табе аддзячыць, хлопчык?» Я папрасіў пашыць сукенку для сястры, ёй не было ў чым хадзіць. А дзякуючы мне яна змагла нават на танцы пайсці! Гонару не было межаў. Сам я хадзіў абарваны, еў… можна сказаць, нічога. Раніцай адпраўляўся на рынак, браў у кожнай бабулі ў шэрагу па жмені семак, мая кішэня напаўнялася, і я быў на дзень забяспечаны», — узгадваў Май Вольфавіч.
Ён часта казаў, што стаў мастаком яшчэ ў чэраве маці — колькі сябе памятае, любіў маляваць. Ролю адыгралі і гены. Тата, Вольф Герцэвіч, іграў на скрыпцы і выдатна маляваў.
НОВАЕ ЖЫЦЦЁ
Пасля вайны, у 1952-м, Май Данцыг скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым і Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя Сурыкава (1958 г.). Дэбютаваў карцінамі, якія паказвалі Мінск, што шуміць, дыхае, размаўляе... «Аднойчы я ўбачыў палатно мастака, што мела назву «Уезд у новую кватэру». Там было мноства рэчаў, шафа і нават фікус пасярод пакоя. Гэтая тэма зачапіла мяне, але я пакляўся: на маёй карціне не будзе нічога, акрамя саміх людзей! Пусты дом, чыстая пафарбаваная падлога, босыя ногі хлопца і дзяўчыны. Калі я прынёс карціну на выстаўку, мне здзіўлена сказалі: «Дзе ты бачыў, каб у савецкіх людзей у кватэры нічога не было? Не можа быць такога!». Што было рабіць? За ноч дамаляваў пару лакіраваных туфлікаў. Раніцай пачуў такі адказ: «Ну гэта ж іншая справа!». Карціну выставілі. Пасля экспазіцыі туфлікі я ўсё ж такі прыбраў», — усміхаўся мастак.
НЕАБСЯЖНАСЦЬ ЧЫРВОНАГА І ПРАВІЛЬНЫ ВЫБАР
Амаль на кожнай карціне Мая Данцыга прысутнічае чырвоны колер — сімвал перамогі жыцця. Сам мастак казаў, што наўмысна абраў яркую, сакавітую, актыўную, магутную палітру — «каб карціна выбліскам урывалася ў прытомнасць, брала гледача загрудкі і не адпускала!». Эмацыянальнасць аўтара, яго максімалізм падкрэслены і фарматам карцін, памер якіх перавышае чалавечы рост.

«За тое, што я адважыўся ўзяць вялікае палатно, мне неаднаразова даставалася ад тых, хто рабіў экспазіцыі. Але заўсёды было такое правіла: ці пішу, як хачу, ці не будзе нічога! Ніколі не імкнуўся зарабляць на мастацтве вялікія грошы. Аднойчы сябар сказаў мне: «Май, кідай ты гэтыя выстаўкі, займіся справай, якая прыносіць прыбытак!» Я адказаў: «Не. Па гэтым шляху не пайду. Мне нецікава». Лічу, што гэта мой недахоп, але інакш я не мог. Бо ў маладыя гады і на трамвайны білецік, які каштаваў усяго тры капейкі, не хапала. Мяне карміла перакананасць у правільнасці свайго выбару...» — казаў Май Вольфавіч.
КУЛЯМЁТ І НЕМАЎЛЯ
«Пасляваенны Мінск ляжаў у руінах, праглядаўся з аднаго канца ў іншы. Рэйкі заклікалі сваімі працягнутымі да неба «рукамі» да справядлівасці. Мноства работ на ваенную тэматыку было напісана мастакамі ў той час — але ў асноўным батальныя сцэны. Не было яшчэ філасофскага асэнсавання вайны. Я загадаў сабе заняцца гэтым, бо менавіта такім карцінам, глыбокім, удумлівым, належыць будучыня», — казаў мастак.
Май Данцыг вырашыў на палатне расказаць пра тое, як людзі сыходзілі ў партызаны. Так у 1967 годзе нарадзілася карціна «Беларусь — маці партызанская». Мастак адлюстраваў наймагутнейшы сімвал: немаўля і кулямёт, загорнутыя ў аднолькавую дзіцячую коўдру. «Прыярытэты зраўняліся, нават, здаецца, зброя была важней... Кулямёт я вучыўся маляваць, наведваючы музей Вялікай Айчыннай вайны. На карціне ёсць і плуг, які я знайшоў на калгасным двары, і печку, якую таксама ўбачыў у горадзе побач з рэшткамі жылых дамоў на фоне саду, што квітнеў увесну... Усе рэчы рэальныя! Я ніколі нічога не прыдумляю», — узгадваў Май Вольфавіч.
НЯЗВЕДАНЫЯ СЦЕЖКІ
«Партызанская вяселле» Мая Данцыга — такой карціны няма ва ўсім сусветным мастацтве. Дзеянне адбываецца ў храме пад назвай «Лес». Святочнымі калонамі служаць дрэвы. На маладой — грубыя рабочыя чаравікі замест лакіраваных туфлікаў. Гімн жыцця гучыць тады, калі вакол перамагае смерць, гінуць людзі, ідзе вайна. Гэта быў вельмі моцны кантраст, жаданне паказаць, за што змагаліся людзі, даказаць, што яны працягвалі жыць, кахаць... Май Данцыг размаўляў з партызанамі, так сапраўды было.
Усе сюжэты майстар бярэ з жыцця. На карціне «Партызанская балада» намаляваная жанчына, якая корміць грудзьмі знясіленага партызана на выпаленым полі бою. Матыў запазычаны ў Рубенса, з яго карціны пра рымлянку Пяро, якая выратавала асуджанага на галодную смерць бацьку.
Убачыўшы гэта палатно, Май Вольфавіч адразу ж правёў паралелі з нямецкай акупацыяй СССР у ходзе Другой сусветнай вайны, калі Беларусь стала «карміцелькай» для савецкіх партызан. На карціну, вядома ж, знайшліся крытыкі. А ён адказаў ім: «Усё чалавецтва выхоўвалася гэтымі грудзьмі — чаго тут саромецца?» Але нядобразычліўцы настаялі на сваім — работа была адхіленая. Мастак звёз яе ў майстэрню і адклаў да лепшых часоў, калі яна будзе зразумелая і набудзе каштоўнасць. Так і выйшла. Сёння карціна экспануецца ў многіх краінах свету.
БЕЛАРУСКАЯ МАДОННА
Савецкія войскі, увайшоўшы на тэрыторыю Нямеччыны, вызвалілі з палону Дрэздэнскую галерэю, якая была схаваная ў шахтах. Пасля рэстаўрацыі ў Маскве палотны вярнуліся на радзіму... У гэтай калекцыі Май Данцыг убачыў адну з галоўных карцін — «Сіксцінскую мадонну» Рафаэля, напісаную ім у пачатку XVI стагоддзя па замове папы Юлія II. Май Данцыг адлюстраваў на сваім палатне момант выхаду Сіксцінскай мадонны Рафаэля з-пад зямельнага тунэля, што, паводле задумы аўтара, служыць метафарай вызвалення Еўропы ад фашызму. Вобраз мадонны ў цэнтры шматпланавай кампазіцыі сімвалізуе новае жыццё, саму Вялікую Перамогу, а параненыя салдаты наўкол нагадваюць пра нечалавечую цану, якую прыйшлося заплаціць за вызваленне. Гэта выратаванне не толькі жыцця, але і культуры народаў... Каб завяршыць работу, Данцыгу спатрэбілася больш як 10 гадоў. Карціна была гатовая толькі ў 1985-м.
ПАЭЗІЯ МІРУ
Аднойчы яму ўдалося пабываць у пасёлку Бярозаўка, што ў Гродзенскай вобласці. Там пабудаваны выдатны шклозавод. Ствараліся шэдэўры крышталя, дзіўнай прыгажосці прадметы. Праца рабочых нагадала яму сапраўдны рытуальны танец. «Плыве па Нёмане крыштальны карагод» — так Данцыг назваў карціну, паставіўшы сабе мэтай узвесці працу рабочых у ранг мастацтва. «Вось з агню вады сцюдзёнай выходзяць на мароз маржы» — яшчэ адна жыццесцвярджальная карціна. Людзі, якія радуюцца, румяныя, прыгожыя побач з возерам у марозны дзень. Гэта радасць жыцця!
НАВОШТА НАМ МАСТАЦТВА І… КРЫЛЫ?
«Што трэба, каб стаць мастаком? Вялікія крылы і ўменне на іх лётаць. Багатае ўяўленне і апантанасць. Калі кіравацца толькі цаной, якая стаіць у дамове, нічога сапраўды вартага не атрымаецца», — быў упэўнены Май Вольфавіч. Акрамя таго, у кожнага мастака, паводле яго слоў, ёсць такое паняцце — «творчая кухня». Вось там і адбываецца самае цікавае, «варацца розныя стравы», ставяцца эксперыменты, робяцца спробы і памылкі. Штосьці пры гэтым атрымліваецца з пачуццём, толкам, а нешта — як быццам з ног на галаву.
«Што сёння адбываецца з мастацтвам? Забываецца старая школа, якая была лепшай у свеце, зніжаецца прафесійны ўзровень. Як бы ні лаялі сацрэалізм, нам да яго яшчэ далёка. Многае страчана з савецкіх часоў. Трэба падымаць узровень. У тым ліку і выпускнікоў мастацкіх спецыяльнасцей. Сумна, што мастацтва сёння пераўтворана ў камерцыю. Гэта вялікая памылка. Многія не хочуць разумець карціны, удумвацца. У мяне ёсць палатно «Бессань», дзе адлюстраваны пакой, растрапаная коўдра. Калі карціну выстаўлялі за мяжой, так і пераклалі — «Непрыбраны ложак». Але хіба ў гэтым справа? Гэта ж сімвал, падстава для раскрыцця вялікай чалавечай драмы. Нельга ўспрымаць усё павярхоўна! — казаў мастак, быццам пісаў маніфест мастацтву... І кожнаму з нас.
Тым не менш ёсць людзі, якія, адрываючыся ад надзённых спраў, прыходзяць у музеі, галерэі, храмы мастацтва — гэта каштуе многага! Шмат хто ў сваім жыцці забываецца пра эмоцыі, а яны не менш важныя, чым поспехі ў народнай гаспадарцы. Як казаў пісьменнік Купрын, з часам людзей разумных будзе станавіцца ўсё больш, а людзей, якія ўмеюць праяўляць моцныя пачуцці, менш. Думаю, гэта прарочыя словы і трэба быць напагатове, разумець і берагчы пачуцці, уласцівыя чалавеку. Менавіта мастацтва, а не самая дасканалая тэхніка, робіць чалавека чалавекам.
Марыя ВОЙЦІК
コメント