Крыху эротыкі у класічнай вадзе
- Мария Войтик
- 10 авг. 2021 г.
- 3 мин. чтения
Выбух пачуццёвасці і эратызму на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі — у маi зноў пакажуць балет «Маленькая смерць».

Спектакль iдзе на адным удыху — 20 хвілін. Аўтар пастаноўкі — нідэрландскі харэограф Іржы Кіліян, родам з Чэхіі, легендарны «рэфарматар» еўрапейскага балета XX стагоддзя.
Дарэчы, жартаўлівыя «танцы» мінскі глядач ужо ведае з 2013-га года. Харэаграфія Кіліяна паяднаная з музыкай Вольфганга Амадэя Моцарта, рухі і мелодыі проста зрастаюцца, быццам існавалі так заўсёды, ад пачатку. Дарэчы, іншая назва «Маленькай смерці» — балет для «шасцi мужчын, шасці жанчын і шасці рапір». Ён быў створаны Кіліянам у 1991 годзе якраз да 200-годдзя аўстрыйскага віртуоза. Гэта па-новаму пластычная, пазбаўленая архаікі, вельмі лірычная харэаграфія, якая ўдала балансуе на межах эстэтыкі і сексуальнасці.
Кіліян прапануе сумесь сучаснай харэаграфіі і балетных па. «Маленькая смерць» з'яўляецца новай творчай ступенню для Вялікага тэатра і гледачоў, што прызвычаіліся да традыцыйных сюжэтных калізій. Так, у прэм’еры Кіліяна няма фабулы, але выйсце ёсць: калі будзеш аддавацца пачуццям разам з танцорамі, паглыбішся ў музыку — усё зразумееш. Для «Маленькай смерці» харэограф абраў часткі двух самых выдатных фартэпіянных канцэртаў Моцарта. Тэатры ўсяго свету змагаюцца за права паставіць Кіліяна, але для гэтага трэба мець у арсенале высокапрафесійную трупу і тэхнічныя магчымасці. Беларусам у гэтым плане пашанцавала.
У Мінску рэпетыцыі з нашымі артыстамі перад прам’ерай у мінулым годзе праводзіла асістэнт харэографа, балетмайстар Шырлі Эсэбум, выдатная балерына, былая танцорка Нідэрландскага тэатра танца і патрабавальны педагог. Менавіта яна ў свой час займалася харэаграфіяй «Шасці танцаў» на сцэне Вялікага, вучыла беларускіх артыстаў разумець мову майстра. Другасных герояў у Кіліяна няма — толькі галоўныя. Прэм’еру танцавалі Ігар Артамонаў, Юрый Кавалёў, Канстанцін Кузняцоў, Такатошы Мачыяма, Ігар Аношка, Ірына Яромкіна, Аляксандра Чыжык, Юлія Дзятко... Артыстам было нялёгка перастроіцца, бо іх рухі заточаныя пад класіку. Тым больш трэба было вучыцца быць больш раскаванымі, але і стрыманымі адначасова. Навошта? Назва балета «Маленькая смерць» — эўфемізм аргазму ў перакладзе з французскага «La petit morte».
Іржы Кіліян — вынаходнік у сваёй галіне. Бессаромныя дотыкі, перакрыжаванні цел, нібы ў экстазе, змешваюцца на сцэне са звыклымі позамі кшталту «арабеск» альбо «ан дэор». Кіліян выходзіць за рамкі балета, напаўняе лексіку танца сваімі, свабоднымі, словамі, дае гледачам прастор для фантазіі — і разважанняў.
Глыбокая і меланхалічная музыка (дырыжорам-пастаноўшчыкам аркестра выступіў Іван Касцяхін) перапляталася на прэм’еры з выразнымі, як маятнік, рухамі. Кіліян кажа пра складанае так, нібы гэта ненадакучлівая балбатня ў партэры. Пачуццё любові ва ўсім яго дыяпазоне, гульня на грані платанічнага і цялеснага, «перабежкі» ад далікатных заляцанняў да эратычнай цягі — галоўны аб'ект даследавання ў «Маленькай смерці». Але балет спрэс пазбаўлены пошласці. У гэтым сакрэт вялікага мастацтва. Кіліян выкарыстоўвае сімвалічныя прыёмы, падказкіметафары, паэтызуе кульмінацыю страсці, паказваючы ўсе грані пачуццяў мужчыны і жанчыны вельмі вытанчана і далікатна.
Танцорам нічога не перашкаджае рухацца: на мужчынах толькі плаўкі цялеснага колеру, на жанчынах — бялізна і гарсэты (касцюмер таксама з Нідэрландаў — Ёуке Вісэр). Ніякіх звыклых балетных пачак і каляровых трыко. Вострыя рапіры ў пачатку і сукенкі-муляжы на калёсіках — вось і ўся бутафорыя. Іржы Кіліян шмат у чым філосаф, які даследуе чалавечую натуру, псіхалогію, а не толькі магчымасці цела. Трыццаць гадоў ён узначальваў Нідэрландскі тэатр танца (NDT) у якасці арт-дырэктара і галоўнага харэографа. Цяпер займаецца пастаноўкамі сваіх балетаў у розных краінах. «Я ствараў гэтыя балеты свабоднай душой, у вольным духу. І гэта адзіны шлях, па якім можна ісці ў танцы», — адзначае балетмайстар, які даслаў беларускаму тэатру сваё віншаванне з прэм’ерай.
Пастаноўкі на беларускай сцэне — копіі арыгіналаў. Так запатрабаваў маэстра. Праўда, кожны танцор можа выканаць партыю па-свойму, унесці індывідуальны каларыт.
Многія пытаюць, чым адрозніваюцца ўжо знаёмыя «Шэсць танцаў» Кіліяна ад яго ж «Маленькай смерці»? У аснове «танцаў» — імклівыя, жартаўлівыя «Нямецкія танцы» Моцарта. Тое, што адбываецца на сцэне, таксама выглядае як каламбур, пародыя на манернасць галантнага стагоддзя парыкоў, з якіх так і сыплецца пудра ...
На сцэне таксама паказаны адносіны мужчын і жанчын, але яны нібы напамаджаныя, марыянетачныя, не больш, чым заляцанні, плёткі і інтрыжкі. «Шэсць танцаў» — рэдкая разнавіднасць камічнага балета, прычым гумар не ў сюжэце, а ў харэаграфіі.
Кіраўніцтва мінскага тэатра паабяцала падоўжыць супрацоўніцтва з нідэрландскім майстрам. Магчыма, хутка мы ўбачым яшчэ адну яго пастаноўку. Быць можа, «Бяссонніца» альбо «Васковыя крылы», якія ўжо з поспехам прайшлі ў Расіі?
Марыя ВОЙЦІК
Фота аўтара
Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"
Comments