Прапаноўваем квіткі сябрам — ці папулярны класічныя канцэрты на Беларусі?
- Мария Войтик
- 7 авг. 2021 г.
- 6 мин. чтения
Дзе на працягу года беларускім піяністам і скрыпачам, гітарыстам і баяністам можна паказаць сябе? Ці дастаткова ў нашай краіне пляцовак і ўмоў для рэалізацыі акадэмістаў, а не папсавікоў? Ці разумеюць слухачы, навошта патрэбна класіка, калі ўсе СМІ трубяць пра паездку на «Еўрабачанне»?

Ёсць у нас, канешне, класічныя музыканты і выканаўцы, якія паспяхова пакарылі прэстыжныя конкурсы, што ладзяцца ў розных краінах свету, сталі любімцамі патрабавальнай замежнай публікі. Некаторыя рэалізоўваюцца там як творцы. Іншыя вяртаюцца працаваць дзеля роднай публікі, якая часам нават не ўсведамляе, што мае.
Беларускі віяланчэліст Іван Карызна паехаў вучыцца ў Парыжскую вышэйшую нацыянальную кансерваторыю музыкі і танца. Вядомы піяніст Кірыл Кедук атрымліваў дадатковую адукацыю ў Польшчы і Італіі, жыў у Германіі, выступаў у Англіі і ЗША. Скрыпачка Юлія Лебядзенка з’ехала пакараць Вену. Гітарыст Павел Кухта атрымаў першую прэмію прэстыжнага міжнароднага конкурсу гітарыстаў у горадзе Хайнсберг. Пастаянна заваёўвае сусветныя пляцоўкі і баяніст Уладзіслаў Плігаўка: ад Грэцыі, Шатландыі да Аўстраліі і Кітая.
Мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк неяк казау мне, што гэта натуральна. Музыканты ўвесь час у руху, яны людзі сусвету: гастраліруюць, удзельнічаюць у міжнародных конкурсах, выступаюць на еўрапейскіх і заходніх сцэнах не толькі таму, што там больш плацяць, а дзеля досведу, уражанняў, натхнення. Яны і там, за мяжой, так ці інакш прадстаўляюць сваю краіну. А потым прыязджаюць — поўныя сіл і новых надзей. Але ці так проста знайсці музыканту, хоць і на пэўны час, годную замену? У аркестры, напрыклад, выканаўцы выдатна сыгрываюцца, ведаюць, хто на што здольны, а кожнаму новаму чалавеку, які прыходзіць у калектыў, даводзіцца да ўсяго прывыкаць зноўку. Ёсць і іншая рызыка: музыкант, які з’ехаў пакараць, скажам, Вену, можа і не вярнуцца. Там больш аркестраў, конкурсаў, фестываляў, ёсць нават імпрэсарыа. Ці можна, у такім выпадку, палепшыць умовы працы на радзіме, каб не страчваць таленавітых?
ПРАЗ ЦЕРНІІ PUBLIC RELATIONS

Беларускія акадэмічныя музыкакнты вартыя таго, каб іх піярылі не менш, чым, скажам, фаварытаў «Славянскага базару», эстрадных зорак альбо знакамітых спартсменаў. Яны ж таксама ствараюць імідж краіны. Неардынарны майстар ігры на фартэпіяна Аляксандр Музыкантаў, які яшчэ ў 16 гадоў атрымаў першую прэмію на адным з міжнародных конкурсаў, лічыць, што падчас арганізацыі ўсіх канцэртаў павінны быць людзі, якія мэтанакіравана і сумленна займаюцца продажам квіткоў. Гэта нармальная еўрапейская практыка. Калі ў горадзе ў двух месцах будзе вісець афіша, гэтага відавочна недастаткова для таго, каб запоўніць усю залу. Не менш таленавітыя піяністка Юлія Архангельская і скрыпачка Кацярына Архіпава з ім цалкам салідарныя. Па іх словах, атрымліваецца так, што поспех выступлення залежыць не ад якасці ігры, а ад асабістых кантактаў музыканта, які саліруе.
Прыходзіцца самастойна прапаноўваць квіткі сябрам, сваякам, знаёмым. Усё таму, што менеджары вялікіх канцэртных арганізацый зацікаўлены, як правіла, у буйных праектах, у асноўным з запрашэннем замежных зорак. Якая розніца, ці адбыўся канцэрт у малой зале? А кожнае выступленне, між іншым, — важная частка ўсёй рэпертуарнай палітыкі і працэсу фарміравання культуры разумення класікі ў цэлым.
У Беларусі вельмі марудна развіваецца сістэма агенцтваў і імпрэсарыа, прадпрымальнікаў, якія займаюцца арганізацыяй канцэртаў, форумаў і іншых мерапрыемстваў, у дадзеным выпадку музычных. У асноўным усе выступы ў сталіцы, напрыклад, праводзіць Белдзяржфілармонія. Няпроста са спонсарствам. Мецэнаты ж музыцы патрэбныя не менш, чым жывапісу. Але з імі таксама трэба працаваць, тлумачыць людзям, куды і ў каго яны ўкладаюць грошы.
ВЫХАВАННЕ ГУСТУ

Гаварыць пра акадэмічную музыку не проста можна, а трэба, прычым шмат. З экранаў тэлевізараў і манітораў, старонак газет і часопісаў. І нават пра тое, пра што, здавалася б, ужо ўсё сказана. Чаму? Каб прывіць нарэшце людзям разуменне таго, навошта патрэбныя творы Моцарта, Баха, Шастаковіча, Ліста, каб развеяць стэрэатыпы аб тым, што класіка — гэта сумна, а музыкі — наогул народ занудны.
На жаль, гэты жудасны шаблон да гэтага часу захаваўся нават у тых, хто павінен яго разбураць, — у СМІ. Мы гаварылі аб праблемах маладых талентаў Беларусі з Аляксандрам Паляковым, лаўрэатам міжнародных конкурсаў, піяністам, салістам Белдзяржфілармоніі, цэлых паўгадзіны. Ён пераадолеў адлегласць Мінск — Кітай і толькі часова ў ад’ездзе: атрымаў запрашэнне ў адзін з універсітэтаў горада Наньчан, правінцыі Цзянсу. Працуе там прафесарам, выкладае спецыяльнае фартэпіяна на кафедры музыкі і мастацтва. «Памятаю, як доўга я спрабаваў трапіць на перадачу «Добрай раніцы». Там думалі: ой, раз акадэмічны выканаўца, значыць, з ім не будзе пра што паразмаўляць і рэйтынгу тэлеканалу гэта не дабавіць. А што адбываецца на фестывалях, форумах? Добра, калі тэлекамеры з’яўляюцца на адкрыцці, як правіла, усё. Амаль ніякіх анлайн-трансляцый. А колькі гісторый было расказана пра маладых беларускіх музыкаў? Няшмат. Бо, каб іх добра ведалі, хадзілі на іх канцэрты, яны павінны, груба кажучы, мільгаць у тэлевізары! І ў інтэрнэце адпаведна.
Пра што з імі гаварыць? Пра ўсё! Неабавязкова пра музыку. Таленавіты выканаўца — гэта чалавек, які пабываў у розных краінах, набраўся досведу, шмат чаго бачыў. Тым больш ён, як правіла, інтэлігентны і выхаваны — з ім лёгка мець зносіны, яго хочацца слухаць. Еўрапейскія СМІ праследуюць эстэтычную функцыю, у нас жа арыенцір — на забаўкі. Калі мы хочам быць здаровай культурнай нацыяй, такога не павінна быць», — выказаў меркаванне Аляксандр Палякоў.
Класічная музыка не памрэ, але можа перабрацца з вялікіх і ўтульных, з добрай акустыкай, залаў для жывога, душэўнага ўспрымання ў… навушнікі. Навошта кудысьці ісці, калі ёсць камп’ютар? Праблема працы з публікай стаіць вельмі востра. Юлія Архангельская распавядае, што падчас Каляднага туру па гарадах Бельгіі яна выступала з камерным хорам у касцёлах. Людзі прыходзілі з задавальненнем, прычым розных узростаў, выглядалі шчаслівымі. У нас, каб выцягнуць дарослага чалавека з траекторыі «дом — праца — дом», трэба вельмі пастарацца. Складаная эканамічная сітуацыя, занадта шмат клопатаў, перажыванняў пра заўтрашні дзень.
«Музычны густ трэба выхоўваць з малых гадоў. У адной школе, куды прыязджаеш з выступам, дзеці паслухмяныя, удумлівыя. У іншай паводзяць сябе абыякава. Тут усё залежыць ад педагогаў. Калі яны людзі высокадухоўныя, то і дзеці будуць разумець класіку». Быў у практыцы Юліі і такі выпадак: бацька аднаго з дзяцей проста адмовіўся набываць квіток на адзін з невялічкіх класічных канцэртаў, пашкадаваўшы грошай. Білет каштаваў дваццаць тысяч рублёў — амаль як пачак чыпсаў.
НА СЯМІ ВЯТРАХ

Аляксандр Палякоў упэўнены, што ў нашай краіне няшмат пляцовак, якія стаяць на адным узроўні з філарманічнымі. А калі і ёсць, то цяжка знайсці кропкі паразумення з арандадаўцамі, арганізатарамі і самімі творцамі. Усе гнуць сваю лінію: быццам нікому нічога не патрэбна. Ёсць у Гомелі, напрыклад, шыкоўная зала чыгуначнікаў з цудоўным раялем. Дык вось, нашы музыкі туды трапіць не могуць. А чаму? З-за неверагодна завышанай арэнды! Калі ты трапіў у штат філармоніі — добра, не — рыхтуйся да вольнага плавання.
А маладым хочацца выступаць — і няважна, дзе: у школах, каледжах, маленькіх гарадах ці вёсках. Нават два слухачы для іх — гэта каштоўна. Больш за тое, музыканты жадаюць іграць менавіта ў Беларусі. Аляксандр Палякоў з’ехаў у Кітай таму, што для яго гэта новы творчы вопыт і магчымасць паправіць фінансавае становішча. Але яго душа рвецца дадому, у родны горад, да сям'і, сяброў і калег. У марах — сыграць канцэрт у Белдзяржфілармоніі летам, у гонар яе 80-годдзя. Калі вярнуцца да пашырэння канцэртных пляцовак, то выдатная практыка, якая з'явілася не так даўно, — суботнія вечары класічнай музыкі ў цэнтры Мінска, на адкрытым паветры.

Творы беларускіх і замежных кампазітараў гучаць у выкананні ў тым ліку і яшчэ зусім юных дараванняў. Напрыклад, з музычнага каледжа імя Глінкі альбо Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Добрая магчымасць адтачыць майстэрства і досвед першых выступленняў перад публікай. Ёсць і другі станоўчы бок: куды б ні спяшаўся заняты клопатамі чалавек, хутчэй за ўсё, пачуўшы гукі выдатных мелодый, ён спыніцца, задумаецца... І прыйдзе сюды яшчэ раз! А можа, яго зацікавіць, і ён працягне знаёмства з класікай ужо ў залах філармоніі? Вось гэта і ёсць рэклама. Толькі не камерцыйная, а псіхалагічная. Музыка выходзіць не толькі «на паветра», але і ўкараняецца ў прастору мастацкіх галерэй, гучыць на адкрыццях выставак, культурных форумаў і проста свецкіх прыёмах. Вялікае значэнне мае падача, стыль, атмасфера. Асабліва для часу, калі ў модзе так званыя спецэфекты. Людзей цяпер складана здзівіць.
МЕРА СІНТЭЗУ

Юлія Архангельская згодная з тым, што музыку можна асучасніць... візуальнымі эфектамі, напрыклад. Ёсць творы, ужо першапачаткова напісаныя пад натхненнем ад карцін, — іх дакладна трэба падаваць разам з відэаінсталяцыямі жывапісу на экране па-за сцэнай. Такі 3D-сінтэз мастацтва і музыкі. Але тут важна пачуццё меры і густу: далёка не ўсе творы Баха ці Моцарта наогул можна чымсьці дапоўніць. Слухачу неабходна таксама дазволіць адчуць элітарнасць, вытанчанасць класікі. Крэатыўна падысці да дызайну музычных дыскаў, напрыклад, а не друкаваць на іх аднолькавыя партрэты ў стрыманых строях. Можна часцей іграць у філармоніі (такая практыка ўжо набывае папулярнасць) не толькі чыста акадэмічную класіку, а і саўндтрэкі з усімі любімых фільмаў. У выкананні аркестра яны атрымліваюць другое дыханне. Калі чалавек пераступіць парог філармоніі і сыдзе адтуль задаволеным, то дакладна вернецца зноў. Не трэба баяцца эксперыментаў з падачай. Хай артысты з’яўляюцца з залы, а хто-небудзь з іх увогуле іграе з балкона, хай мяняецца падсветка, а гледачы становяцца ўдзельнікамі і... Інтэграцыя ў тэатр таксама цікавая. Нягледзячы на падтрымку, маладым не трэба забывацца на тое, што галоўны складнік поспеху — самаарганізацыя.
Ніхто не возьме за руку і не прывядзе да славы і апладысментаў. Трэба шукаць сябе, свой калектыў, прыдумваць ідэі для новых праграм, вучыцца падаваць сябе, улічваючы вялікую канкурэнцыю. Трэба ўмець і праз няўдачы пераступаць, заўсёды шукаць выйсце — не апускаць рукі. Акадэмічным музыкантам вельмі пашанцавала, бо яны маюць зносіны з душой людзей, прычым напрамую. Яны вучаць адчуваць, а гэтага вельмі не хапае ў сучасным свеце.
Марыя ВОЙЦІК
Апублікавана ў газеце "Літаратура и мастацтва"
Kommentit