top of page
Поиск

Прывабнасць звычайнага. Вачамі Валянціна Губарава

  • Фото автора: Мария Войтик
    Мария Войтик
  • 19 июл. 2021 г.
  • 4 мин. чтения

Ён нічога не прыдумляе. Усё — з жыцця. Тое, што бачыў, перажываў, любіў. Пераасэнсаванне праходзіць на мяжы дасціпнасці. Гэта і не толькі - пра творчась Валянціна Губарава, аднаго з самых народных сучасных мастакоў Беларусі. У яго прастадушнасці шмат сэнсу, падтэксту, метафар. Карціны выглядаюць нібы аповесці пра тое, як любяць і лаюцца, усміхаюцца і сумуюць, збіраюць бульбу ці п’юць гарбату з самавара, прымяраюць вопратку перад люстэркам альбо мараць каля акна побач з катом. Знаёмыя рэчы, інтымныя, сумленныя падрабязнасці. Мастак любіць сваіх герояў, спачувае ім.



ПРА ШЧЫРАСЦЬ І СТЫЛЬ


На першы погляд яго мастацтва наіўнае, яго нават адносяць да прымітывізму, але Валянцін Губараў выдатна валодае акадэмічнай тэхнікай. Як пацвярджэнне — ідэальна вывераныя класічныя партрэты на сценах майстэрні. «Вучонасць нярэдка перашкаджае быць шчырым. Фраза Пікаса пра тое, што ў юныя гады ён пісаў карціны як Рафаэль, а ўсё жыццё патраціў на тое, каб маляваць як дзіця, — поўнасцю пра мяне. Калі ты абцяжараны жыццёвым досведам, цяжка захоўваць чысты погляд. Але трэба не пераставаць здзіўляцца.



Мастак — не той, хто дакладна ведае перспектыву і прапорцыі, а той, хто па-свойму бачыць, адчувае, прапускае ўсё праз сябе. Гэта і ёсць наіўнасць, амаль самы каштоўны для мяне складнік творчасці», — кажа Валянцін Губараў.

Мастацтва, на яго думку, павінна быць «шурпатым», таму што з глянцавых паверхняў усё скочваецца, не застаючыся ў памяці. Таму і жанчыны ў яго, напрыклад, пышныя, з вялікімі насамі, далёка не мадэльнай знешнасці, затое запамінальныя. Як паненка на свецкім раўце, у якой парваліся калготкі. Усплыве ў памяці яна, а не сотні іншых, выдатных, але аднолькавых. «Я доўга шукаў індывідуальны почырк. Да гэтага павінны імкнуцца ўсе маладыя творцы. Так, ёсць перыяд пераймання. Але да пэўнага часу. І яшчэ: мастаку нельга губляць першую думку. Што стрэльнула ў галаву, то і трэба маляваць. Прытрымлівацца толькі свайго нюху, прыроднага. Забываць пра пакупнікоў, журналістаў, крытыкаў, уладальнікаў галерэй, моду. Усе мае карціны атрымліваюцца як «экалагічна чысты прадукт», заснаваны на асабістых парывах. Мне ніхто ніколі не дыктуе. Трэба не баяцца выбівацца з агульнага трэнду, стаяць асабняком. Тады і выйдзе нешта вартае», — адзначае мастак.


ПРА ЗМЕНУ ЛАКАЦЫЙ І СКЛАДНІКІ ПОСПЕХУ


Менавіта апантаная індывідуальнасць і зачапіла ў ім замежных гледачоў. Яны не разумеюць наш побыт, не пазнаюць маленькіх вулак часоў перабудовы, але карцінамі Губарава захапляюцца. Палотны беларускага майстра ўжо 20 гадоў упрыгожваюць залы прэстыжнай галерэі «Les Tournesols» у Францыі, іх ведаюць у Англіі і Германіі, Швейцарыі і ЗША. Ён знайшоў сваю індывідуальнасць і здолеў выказаць яе. Яго пазнаюць. У Еўропе наогул няважна, што ты скончыў, ці ёсць у цябе дыплом, якія ты месцы займаў на конкурсах, што пішаш: задуменных жанчын каля акна ці мора. Трэба проста рабіць гэта па-свойму. Важныя толькі творчая харызма, почырк. «Доўгі час на радзіме мяне не выстаўлялі. Казалі, маўляў, вось праца Валянціна Губарава, якая рэзка адрозніваецца ад астатніх. Потым я зразумеў, што гэта, наадварот, камплімент», — дзеліцца аўтар. Героі Губарава былі далёкія ад ударных будаўнікоў камунізму, ідэалізаваных, пафасных змагароў, ды яшчэ і абыграны з гумарам, незвычайна.


Яго абвінавачвалі ў недарэчнай іроніі. А ён проста пранікаўся ўвагай да простых людзей, кранальных, шчырых, тых, каго мы бачым кожны дзень на прыпынку, у крамах, паліклініках, дзіцячых садках... Якія і мы самі. Нягледзячы на калізіі лёсу, Валянцін Губараў заўсёды ўпарта займаўся тым, да чаго ляжала душа. Поспех прыйшоў прыкладна ў 90-я, калі мастака заўважылі ў Еўропе. Адну з яго першых карцін, па іроніі лёсу, на радзіме надрукавалі ў «ЛіМе». Потым і іншыя газеты «расхапалі». Нават пакупнік знайшоўся. Мастак мог спакойна жыць у Францыі, але Мінск пакідаць не збіраецца. Хоць і родам з Ніжняга Ноўгарада. Прыехаў у Беларусь следам за жонкай. «Я не хачу адлюстроўваць тое, чаго не ведаю. Тыя ж французскія рэаліі. Мастацтва атрымліваецца толькі тады, калі яно шчырае, без натугі. А як пісаць пра радзіму, калі ты далёка ад яе? Адкуль браць натхненне?» — разважае Валянцін Губараў.


ПРА СЮЖЭТЫ І ЖЫЦЦЁ




Правінцыйныя маленькія кватэркі з дыванамі на сценах і «бабуліным» сервантам, швейныя машынкі, чайнікі з абаранкамі і бутлі з самагонам на сталах, пірамідкі з пуховых падушак, каровы на лузе, патрапаны забор ля сельскай хаткі, мужчыны ў шкарпэтках і жанчыны ў квяцістых сарафанах... Героі Губарава — летуценнікі ў добрым сэнсе. Як і сам майстар. Мастак азіраецца назад і спыняе мінулае: «Атрымліваецца рэтра, таму што я менавіта тое, яшчэ савецкае, жыццё добра ведаю. Калі азірнешся назад, дрэннае забываецца. Застаецца толькі цёплыня на душы». Ніякіх шумных мегаполісаў і модных гаджэтаў на яго карцінах не знойдзеш. У гэтым іх чароўнасць. Яны выклікаюць настальгію. Некаторыя палотны як быццам заваленыя рэчамі, дэталямі, але ў цэнтры ўсё роўна чалавек. Той, хто не баіцца быць сабой, — тыпаж мастака. У работах Губарава адгукаецца светаадчуванне, настрой народа, яго невычэрпнае жыццялюбства, энергія.


Ён малюе побыт, але прыцягальна, выразна. Наўмысна спрашчаючы формы, ён вылучае характары, стварае сацыяльныя тыпы, самабытныя, розныя, часам нязграбныя, пацешныя, але і рашучыя адначасова.

Сам Валянцін Губараў з ходу зараджае кіпучай энергіяй і шчырасцю. Яго характар — у карцінах. Так і павінна быць. «Можна захапляцца кветкамі, яны прыгожыя і правільныя, але я пішу людзей, якія любяць шашлыкі, жанчын, адпачынак, вяселлі, рыбалку. Мае персанажы дублёры. Любілі, але неўзаемна. Разбегліся, але не скокнулі. Загараюць не на пляжах СанТрапэ, а на лецішчах. Носяць вопратку айчыннай вытворчасці, а не з буцікоў. Ніколі не спрабавалі італьянскі сыр і сапраўдны ірландскі віскі. Вось яны мне цікавыя, бо не пакутуюць, а жывуць», — прызнаецца мастак.


ПРА СІМВАЛІЗМ І НЕДАСКАЗАНАСЦЬ



Аналізуючы назвы карцін Валянціна Губарава, ловіш сябе на думцы, што ў яго дакладна ёсць літаратурны талент ці, як мінімум, публіцыстычнае адчуванне мовы. Разам з выдатным пачуццём гумару гэта стварае грымучую сумесь. Так і атрымліваюцца палотны «Урокі плавання ў чаканні глабальнага пацяплення», «Сціплае абаянне неразвітога сацыялізму» ці «Відавочныя перавагі пункту кругавога агляду». Небанальнасць майстра выяўляецца ва ўсім. Ён лічыць, што менавіта неканкрэтныя, нават парадаксальныя назвы работ прымушаюць гледачоў думаць. Мастак дае ключ да замка, які публіка павінна адкрыць самастойна.


Марыя ВОЙЦІК


Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"

 
 
 

Comments


  • Instagram
  • Facebook Социальной Иконка
bottom of page