Рыгор Сітніца: «Мяжы дасканаласці не існуе»
- Мария Войтик
- 20 июл. 2021 г.
- 5 мин. чтения
Мастак, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца ўмее абыходзіцца са словамі на паперы не горш, чым з фарбамі на палатне, а літаратуру лічыць выратавальным колам ад паўсядзённых турбот. Якія матывы перамагаюць у творчасці чалавека, што здолеў стварыць уласны стыль? У чым адрозненне сапраўднага верша ад рыфмаванага прадукту? Як дабіцца поспехаў у прафесіі? Размаўляем за кубкам гарбаты.

— Рыгор Сямёнавіч, як атрымалася, што вас, знакамітага ўжо графіка, захапіла паэзія?
— Пісаць я пачаў яшчэ ў класе восьмым, але па-руску — актыўна графаманіў. У добрым сэнсе, бо для мяне гэта было той самай школай, з якой выходзяць сапраўднымі літаратарамі. Імітаваў Ясеніна, Вазнясенскага, Еўтушэнку, Пастарнака… Студэнтам стаў публікавацца, атрымаўшы нядрэнную ацэнку творчага асяроддзя. Але раптам узнікла нестыкоўка: беларуская свядомасць і руская мова. Гэта ператварылася ў настолькі ненатуральную для беларуса справу, што я пакінуў паэзію амаль на 15 гадоў! Не ведаю дакладна, чаму: з-за крызісу жанру ці таму, што пачаў актыўна рабіць з сябе мастака. Бо скончыць адпаведную ўстанову — палова справы. Дзесяць гадоў я патраціў на тое, каб стаць асобай у мастацкім асяродку.
— Бачна, што вы — вельмі патрабавальны да сябе…
— Для мяне важна, каб праз некалькі гадоў я прачытаў свой верш — і ён мяне задаволіў. Часта выбракоўваю ўласныя творы, дзіўлюся, як можна было так напісаць! Заўсёды думаю: ці варта гэта паказваць людзям? Доўга працую над кожным радком, удасканальваю кампазіцыю, вычышчаю хібы. Я ўжо не ў тым узросце, калі абавязкова трэба надрукавацца, каб паказаць, які ты таленавіты. Іранічна стаўлюся да ўсіх праяў так званай вядомасці. Слава — мітусня. Добра, калі чалавек сапраўды славуты... — Рыгор Сямёнавіч, паэзія зноў вярнулася да вас пасля «вандроўкі ў часе»... — Дзякуючы эксперыментам з перакладамі. Напэўна, мне споўнілася гадоў сорак. Цяпер здаецца, што вершы нікуды і не знікалі. Хаця б таму, што я ўвесь час захапляўся чытаннем і ў вялікай колькасці завучваў творы на памяць. Ды і зараз, калі іду па вуліцы з вольнай галавой, сам пра сабе прачытваю нешта. Мне прыемна ўвесь час знаходзіцца побач з паэзіяй. Больш за тое — яна ратуе мяне ад шматлікіх побытавых і працоўных клопатаў. Калі пашчасціць і нечакана здарыцца хаця б адзін верш, то ён трымае мяне ў добрым настроі некалькі тыдняў. Апошнім часам ратуюся яшчэ і прозай, хоць доўга не дазваляў сабе гэтага рабіць, бо проза, як і праца над карцінамі ў майстэрні, патрабуе не адной гадзіны і — ўседлівасці. У мяне ўжо напісана дзве аповесці — зусім маленькая і доўгая, амаль на трыста старонак.
— Што ж наконт перакладаў? Якім аўтарам вы аддалі перавагу?
— Мой шлях перакладчыка пачаўся з вершаў Буніна. Памятаю, што быў у той лёсавырашальны дзень на практыцы з вучнямі і, як заўсёды, узяў з сабой некалькі паэтычных зборнікаў, сярод якіх вылучыў томік рускага генія. Прачытаў некалькі разоў, вывучыў палову на памяць, а потым, калі не было чаго рабіць, сеў і паспрабаваў пера-кладаць на родную мову. Самае цікавае, што мне гэта спадабалася — і сам занятак, і якасць працы. Лічу, кажучы, гэта больш складана, чым пісаць уласныя вершы, таму што ты павязаны па руках і нагах. Трэба ж дакладна перадаць вобразную сістэму і, галоўнае, энергію, мелодыю твора. Памер, рытміка — другасныя, чыста тэхнічныя патрабаванні.
Натхнёны поспехам, я перастварыў на беларускі лад некалькі вершаў Самойлава, Набокава, Хадасевіча і… нейкім чынам выбіўся на ўласнае вершаскладанне. Падбіў мяне на паэзію Рыгор Барадулін, на той час ужо блізкі мой сябра. Я прачытаў яму пераклад верша Вазнясенскага «Ты мяне на світанку пабудзіш…», хаваючы сваё аўтарства. Але Барадулін усё зразумеў, пахваліў, запытаўся: «Што ў цябе, Рыгор, ёсць яшчэ?..»
— Пра што вашы вершы?
— Ёсць у мяне цыкл твораў пра чалавечую самоту, некалькі грамадска-палітычных рэфлексій, шэраг роздумаў пра вострыя праявы жыцця. Пішу вершы, калі прыходзяць канкрэтныя мастацкія вобразы. Так было з Курыціцкай дубровай, што каля вёскі, дзе я нарадзіўся. Уявіце: магутныя палескія дрэвы, якім ужо, напэўна, тры-чатыры стагоддзі, знішчылі ўшчэнт! Балючыя адчуванні выліліся на паперу, бо ссечанае, спілаванае ці зламанае дрэва я ўспрымаю на ўзроўні забітага чалавека. Моцна кранаюць і хрысціянскія матывы, памежны стан чалавека. Пра гэта паэма «Знак перасцярогі» — ад імя таго, хто стаў на мяжы жыцця і смерці, зазірнуў за яе і ўбачыў свой натуральны твар... А ўвогуле, усе вершы пачынаюцца… з кахання! Без яго не нарадзіцца ніводнаму талковаму радку.
— Ці ёсць у вас улюбёныя жанры? І дзе, на вашую думку, заканчваецца графаманства і пачынаецца майстэрства?
— Больш за ўсё мяне цікавіць драма — у чалавечых адносінах ці прыродных з’явах. Вось там глыбіня! Усе асноўныя якасці чалавека праяўляюцца падчас няпростых жыццёвых сітуацый, у пераломныя моманты лёсу. Сусветная літаратура высокага кшталту пераважна трагічная. Тое ж самае можна сказаць пра кінематограф, тэатр. Драматычныя творы разлічаны калі не на вечнасць, то на некалькі пакаленняў — у адрозненне ад амаль бессэнсоўнага лёгкага чытання. Не разумею і тых, хто кажа: пішу пра прыроду! Пейзажная лірыка, у якой няма сімвала і сэнсу, падаецца мне рыфмаваннем. Прырода — неспасцігальная ў сваёй магутнасці, а чалавек — усяго толькі яе частка… Асабіста ўпэўнены, што поспех творцы ў любой галіне культуры залежыць ад інтэлектуальнага развіцця, мастацкага густу і духоўнай дасканаласці. Калі пачуеце, што чалавек называе сябе разумным — пашкадуйце яго. Чым вышэй ты падымаешся, тым больш разумееш, што нічога не ведаеш. Мяжы дасканаласці не існуе. Сапраўднае мастацтва прыходзіць, калі ў творцы ёсць не толькі здольнасці, але і моцная воля, прага ведаў, схільнасць да моцных пачуццяў. Возьмем карціну: зроблена тэхнічна, рамяства на дзесяцярых хопіць, але — не чапляе! І побач: намазаная невядома чым праца, але ж… у ёй хаваецца энергія! Справа ў тым, што многія творы — проста імітацыя. Кшталту пластмасавай садавіны, што ўпрыгожвае паліцы крам: выглядае апетытна, але смаку і паху на самай справе няма.
— Чаму часцей за ўсё аддаяце перавагу звычайным прадметам, а не, скажам, вялізным маляўнічым пейзажам?
— У творах я імкнуся паказаць, што перад гледачамі — беларускі мастак. Адлюстроўваю на палотнах простыя рэчы, паўсядзённыя, побытавыя — але мастацкі прадукт, які атрымліваецца, называюць мадэрновым. Многія параўноўваюць мае карціны з фотаздымкамі — настолькі гіперрэалістычна яны выглядаюць, але лічу гэта абразай! Я не імкнуся скапіраваць бульбіну, цыбулю, кошык ці бервяно, а даследую кожную рэч, адлюстроўваю яе рытміку, пластыку і, галоўнае, выводжу на ўзровень нацыянальных сімвалаў і знакаў. У аснове маіх кампазіцый — і супрэматычныя, і канструктывісцкія элементы, што дазваляе звярнуць увагу на паўсядзённае, пабачыць звыклае з іншага боку. Вось так стварыў свой стыль, у якім сёння, калі шчыра, цеснавата. Душа шукае разнастайнасці. Напрыклад, чаму б не намаляваць не проста сімвал хаты ў выглядзе трохкутніка, а погляд на яе праз сон ці ўспамін? Адзін фрагмент карціны будзе гіперрэалістычным, а другі — амаль празрыстым…
Але гэта мары. Так здарылася, што ў мяне няма пейзажаў і нацюрмортаў. Там, дзе ў творы пачынаецца краявід ці ўсплывае фігура чалавека, я спыняюся. Загнаў сябе ў вельмі вузкае творчае гета, каб не разбурыўся мастацкі погляд. Для мяне гэта і пакута, і радасць. Некамерцыйную сцежку выбраў свядома. Як, прыкладам, джазавы музыкант, чые канцэрты збіраюць меншую публіку, затое кампазіцыі жывуць болей, чым танцавальны хіт. Шмат маіх работ знаходзіцца ў музеях ці прыватных калекцыях, але я не магу ўявіць іх у кватэры! Патрэбнае іншае асяроддзе: чыстая сцяна і вольная прастора.
А увогуле, мастацкі працэс бесперапынны. Нягледзячы на пэўныя эканамічныя цяжкасці, мы стараемся зрабіць усё, каб мастацкае жыццё сталіцы і краіны заўсёды было максімальна насычаным.
Марыя ВОЙЦІК
Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"
Kommentare