top of page
Поиск

Сакралізацыя свядомасці: дзе гурт Vuraj шукаў нацыянальны код беларусаў

  • Фото автора: Мария Войтик
    Мария Войтик
  • 22 авг. 2021 г.
  • 3 мин. чтения

Як экспедыцыі па Палессі ператварыліся ў альбом, чаго не хапае беларускім фолк-фэстам і як не растраціць сваю спадчыну распавёў лідар фолк-гурта Vuraj, спявак, мультыінструменталіст Сяржук Доўгушаў.


Адзін ў апошніх альбомаў гурта, Lito, напэўна, самы складаны. Каб стварыць дзевяць кампазіцый, спатрэбілiся чатыры гады экспедыцый па палескіх вёсках і мястэчках. Як музыкі збіралі і запісвалі старадаўнія беларускія спевы?


Заходзілі ў вясковую краму і пыталіся: хто ў вас тут спявае? Так і траплялі да людзей, да якіх не прыязджалі ні этнографы, ні журналісты. Але ў хаты заходзілі асцярожна, не прызнаваліся з парога, што будзем на мікрафон пісаць. Спачатку знаёмства, прызнаецца Сяржук.


Палешукі, па яго словах, гаваркія. Пры гэтым могуць і ўсю гаспадарку паказаць, і шчодра накарміць. Шчырыя. Стол накрыюць і яшчэ гасцінцаў з сабою дадуць, саромеючыся, што ў іх, маўляў, не так багата, як у горадзе. Вяскоўцы на Палессі вельмі адрозніваюцца ад сталічных жыхароў: больш даверлівыя і адкрытыя. Развітанне — гэта заўсёды абдымкі.


Вёскі ў беларускай глушы гэта палі, сады, азёры, рэкі, лясы і бязмежны далягляд. У горад, у абдымкі аўтамабіляў і крам, вяртацца потым было дужа нязвыкла. Вандроўкі па Палессі сталі для мяне моцнай фолк-тэрапіяй, узгадвае лідар гурта.



Музыкі з Vuraj добра пазнаёміліся са шматлікімі вясковымі калектывамі. Напрыклад, з гуртам «Вытокі» з Дзятлавічаў. Зладзілі некалькі выступленняў у Мінску і нават запісалі сумесны трэк. Але самыя надзейныя крыніцы традыцыйных беларускіх спеваў — гэта, канешне, палескія бабулі.

Абрадавыя песні, якія сталі асновай нашага альбома, пайшлі ад старадаўніх замоў, падчас якіх сяляне ўшаноўвалі сілы прыроды, каб пасля сабраць, напрыклад, добры ўраджай, кажа Сяржук Доўгушаў.



Самай складанай мэтай пры стварэнні сваіх песень было захаванне асабістай для розных рэгіёнаў Палесся гаворкі. Так, у адной вёсцы кажуць «навуцю», у другой — «прывьёз», у трэцяй — «оконцэ». Спевы запісваў не толькі на мікрафон, але яшчэ і на відэа. Дарэчы, выйшаў экспедыцыйны ролік. На канцэртах гурта можна пачуць запісы жывых галасоў тых самых бабуль і дзядуль з вёсак. У планах Сержука — зрабіць сайт, дзе будуць захоўвацца ўсе спеўныя матэрыялы ў свабодным доступе.

Што тычыцца альбома Lito, то запісваўся ён на студыі польскага гукарэжысёра Томаша Рогула, намінанта на прэмію «Грэмі». Грошы збіралі праз краудфандынгавую платформу. Падтрымала шмат людзей, асабліва самі палешукі.



Сакралізацыя свядомасці


Шкада, што песні, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, могуць знікнуць — тыя, хто іх ведае, не маладзее, а перадаваць спадчыну амаль няма каму. Унукі ўжо не так цікавяцца, у іх з’явіўся Інтэрнэт, а з ім і музычная разнастайнасць.

Старадаўнія спевы наш нацыянальны код. Маладыя гэтага не разумеюць. Калі бабуля пяе, кажуць: перастань галасіць! Дзецям трэба тлумачыць, расказваць пра фальклор, прычым яшчэ ў школе. Калі мне было 15, таксама не разумеў, навошта гэта ўсё народнае: лапці ды скокі, дзеліцца музыка.



Фальклорная музыка можа быць яркай, нязвыклай і сучаснай. І Vuraj  гэтаму пацвярджэнне. Тым не менш фальклор ніколі не стане папсовым, не будзе гучаць з кожнай калонкі — гэта нармалёва. Але яго трэба ўзнесці хаця б да ўзроўню класічнай музыкі.


Мы часта эксперыментуем. Граем на народных, але не вельмі распаўсюджаных на беларускай сцэне інструментах: колавай ліры, драўляных акарынах. У альбоме можна пачуць і традыцыйныя польскія струнныя, напрыклад фідэль, адзначае музыка.


Сам Сяржук — на вакале, але грае таксама на ліры, дудках, сапілках ды акарыне-рыбе, што атрымала назву з-за сваёй формы. У гурце ёсць таксама флейтыстка Вольга Палякова, скрыпачка Наста Папова, кантрабасіст Эрык Арлоў-Шымкус і гітарыст Іван Арцімовіч. З бубнамі — Данік Залескі.


Многія думаюць, што народныя песні гэта толькі жарты ды падскокі. Фолк-калектывы не павінны ўсміхацца на сцэне без перапынку. У беларускага народа вельмі багаты фальклор, і спевы там розныя. Ёсць глыбокія, мінорныя, жаласлівыя, але вельмі прыгожыя матывы, сцвярджае музыка.



Помніць продкаў


Беларускім фолк-фэстам не хапае смеласці, каб заяўляць пра сябе, тым часам ў Польшчы, напрыклад, кажуць, што наша спеўная спадчына багацейшая ў Еўропе. Але ёй неабходна падтрымка: больш фэстаў, канцэртаў, лічыць Сяржук.


Іх арганізацыяй, дарэчы, музыка і плануе заняцца ў бліжэйшы час, а яшчэ праектам «Традыцыя», накіраваным на развіццё і папулярызацыю традыцыйнай музыкі. Па сутнасці, гэта супольнасць зацікаўленых людзей. У межах праекту плануецца выпуск серыі ўнікальных дыскаў, лепшага з беларускага фальклору, канцэрты аўтэнтычных калектываў, майстар-класы, спеўныя сходы, дзе кожны чалавек можа навучыцца спяваць беларускія песні.


На Палессі я таксама зацікавіўся беларускімі абрадами, асабліва вясельнымі. На жаль, зараз яны згубілі сваю сакральнасць, сувязь з сапраўднымі традыцыямі продкаў. Ніякага выкрадання нявесты, напрыклад, у нашых продкаў не было. Затое быў жартоўны абрад: на першую ноч жаніха і нявесту заводзілі ў пакой, але дзяўчыне пад спіну падкладвалі цішком бярвенні, каб было нязручна спаць. Калі нервавалася, казалі, будзе дрэнная жонка, калі жартавала прадракалі шчаслівы лёс. А яшчэ ўсе нежанатыя хлопцы ўпрыгожвалі кашулі кветкамі, што плялі для іх дзяўчыны, за сталом магло прагучаць каля 300 песень, адзначае Сяржук.



Як бачым, сучасным беларусам ёсць да чаго імкнуцца.




Мария Войтик

 
 
 

Comments


  • Instagram
  • Facebook Социальной Иконка
bottom of page