Сутнасць Суціна
- Мария Войтик
- 9 авг. 2021 г.
- 3 мин. чтения
Простага хлопца, які нарадзіўся ў беларускай глыбінцы больш чым стагоддзе таму, добра ведаюць у Францыі. Гэта сусветна любімы мастак Хаім Суцін, чые карціны адны з самых дарагіх у свеце і нязменна выклікаюць захапленне аматараў мастацтва. У Беларусі пра яго, як ні дзіўна, да нядаўняга часу мала хто ведаў, лічылі рускім. Сёння творчасць Хаіма Суціна нарэшце вяртаецца на радзіму.

На адных с "Суцінскіх чытанняў", міжнароднай навуковай канферэнцыі , арт-кансультант і калекцыянер Уладзімір Шчасны распавядаў, у чым жа прычына цікавасці да Суціна на Беларусі:
- Прыналежнасць сусветна вядомага мастака да культуры нашай краіны не падлягае сумневу. І мы, нарэшце, пачалі гэтым ганарыцца. Прыходзіць разуменне неаддзельнасці беларускага мастацтва ад агульнасусветнага развіцця культуры. Але гэта, пэўна, не усё.

ВЫРАТАВАННЕ ЕЎРОПЫ
На думку многіх мастацтвазнаўцаў, Шагал, Суцін, Царфін і іншыя мастакі Парыжскай школы з Беларусі разам з экспрэсіяністамі іншых краін выратавалі еўрапейскае мастацтва ад трывіяльнасці і руціннага акадэмізму. Так, мастацкія сувязі Беларусі і Францыі звязаны не толькі з творчасцю Марка Шагала, але і са шматлікімі імёнамі іншых мастакоў.
Карціны Суціна — погляд сур’ёзнай і складанай асобы. У працах адчуваюцца матывы на мяжы суіцыду. Разбуральная сіла і стваральная. Як гэта можа спалучацца?
Вось, напрыклад, дырэктар Парыжскай Пінакатэкі, гісторык мастацтва Марк Рэстэліні, які арганізаваў калісьці у Парыжы выстаўку «Смілавіцкі вар’ят», упэўнены, што «шаленства ў творчасці Суціна можна параўнаць з настроем героя Дастаеўскага». Выступоўца развеяў многія міфы, звязаныя з Суціным. «Галоўная праблема даследчыкаў у тым, што людзі, якія ведалі Суціна, дадавалі шмат асабістага ў яго апісанне. Асабліва жанчыны», — лічыць спадар Рэстэліні. Звярнуўшыся да псіхалогіі мастака, ён падкрэсліў, што «здольнасць адчуваць глыбока — рыса, якая адрознівае не толькі Суціна, але і ўсю кагорту творцаў Парыжскай школы».

У гэтым таксама выяўляецца падабенства Суціна з Мадзільяні. Яны прадстаўлялі ўнутраны вобраз, а не капіравалі знешнія рысы. «Упэўнены, што іудаізм не іграе вялікай ролі ў творчасці Суціна. Больш за тое, антыяўрэйскія павевы часу, у якім жыў мастак, даюць падставу думаць, што ён пазбягаў свайго паходжання. Таму ўсё, што мы бачым на карцінах Суціна, — гэта спасылкі да еўрапейскага мастацтва. Нацюрморты з дзічынай, напрыклад, прадстаўляюцца як уплыў Рэмбранта, а пейзажы — вынік уражання ад работ Каро», — канстатаваў даследчык.
УБАЧЫЦЬ СУТНАСЦЬ
Многія знаёмыя Суціна, казалі, што галоўнай рысай яго характару была жахлівая нясмеласць. Ён мала распавядаў пра сябе, таму галоўную інфармацыю пра мастака трэба шукаць у яго карцінах. Суцін працаваў у межах традыцыйнай трыяды: партрэт, пейзаж, нацюрморт.
Але ён не быў прыхільнікам рэалізму, імкнуўся выйсці за межы традыцыйнасці, зрэшты, як і не заганяў сябе ў межы модных кірункаў, напрыклад, сюррэалізму або футурызму. Разам з тым яго карціны адрозніваюцца дзіўнай экспрэсіяй, у іх ярка выяўляецца рух і пошук сэнсу жыцця.
Суцін часта вяртаўся да адных і тых жа сюжэтаў, каб даследаваць усе магчымасці матэрыялу, колеру, формы. У кожным творы ён бачыў унутраную сілу, схопліваў праўдзівы характар рэчаў і з’яў. Затое на яго карцінах прысутнічае мноства вонкавых скажэнняў. Карцінам Суціна была характэрна дваістасць, у тым ліку проціпастаўленне колераў. Напрыклад, белага і чырвонага. Дарэчы, белы ніколі не быў у яго адназначным, а заўсёды з мноствам адценняў.
Суціна па праве лічаць майстрам накладання аб’ёмнага мазка. «Ён адлюстроўваў сябе на кожнай карціне — выказваў свой унутраны свет. Стараўся ўбачыць у натуршчыкаў, простых людзей з вуліцы, іх сутнасць, зняць маскі з людзей. У жывапісе Суціна мы бачым пільнае стаўленне да дэталяў і разам з тым увагу да абстракцый.
ПРАЎДА ПРАЗ АБ’ЕКТЫЎ
Аналіз фотадакументаў, звязаных з Суціным, веў у свой час Мішэль Лебрэн-Франзаралі, мастак і паэт, які прысвяціў творцу дзве кнігі, доўгі час займаўся даследаваннем яго жыцця. Фотаздымкі, пра якія распавёў спадар Лебрэн-Франзаралі, адносяцца да перыяду сярэдзіны 1920-х гадоў, калі мастак знаходзіўся ў Францыі. На адным з іх Суцін катаецца на лодках з сябрамі, у тым ліку Леапольдам Збароўскім, гандляром яго карцінамі.
«Дакумент аб найманні жылога памяшкання пацвярджае, што дом Суціна быў у французскай камуне Ле-Блан. Можна ўбачыць яго фатаграфію — прыгожае памяшканне з грунтоўнай майстэрняй, стайняй, шыкоўным садам», — канстатаваў Мішэль Лебрэн-Франзаралі. Даследчык патлумачыў і канцэпцыю нацюрмортаў Суціна з выявамі мёртвай дзічыны, падвешаных індычак і курыц, рыбы, якая ляжыць на прылаўках рынку, туш быкоў. Па яго словах, гэта не жорсткасць мастака, а, наадварот, нежаданне згаджацца са смерцю, імкненне знайсці рэцэпт вечнага жыцця.
ГУЛЬНЯ З ЧАСАМ
Мастак, які прыехаў у Францыю з Еўропы, спачатку жыў у прыстанішчы для творчых жабракоў з усяго свету. Звалася яно «Вулеем». Там, па словах Марка Шагала, «альбо акалявалі ад голаду, альбо рабіліся знакамітымі».
Самая дарагая карціна мастака ў Беларусі, «Ева», каштавала на аўкцыёне 1,8 млн долараў. Музей «Прастора Хаіма Суціна» быў створаны яшчэ ў 2008 годзе па ініцыятыве Уладзіміра Шчаснага ў Цэнтры дзіцячай творчасці Смілавіч. У першай зале музея, прысвечанага радзіме мастака, размешчаная інфармацыя пра яго сям’ю, перыяды дзяцінства, юнацтва і вучобы ў Вільні і Мінску. Другая зала стылізавана пад атмасферу парыжскіх вуліц. Можна ўбачыць там кафэ са столікамі і крэсламі, а на сценах — рэпрадукцыі карцін Суціна і яго сяброў з «Парыжскай школы».
Марыя ВОЙЦIК
Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"
Comments