top of page
Поиск

Уладзімір Парфянок: фатаграфія як ключ да самаідэнтыфікацыі

  • Фото автора: Мария Войтик
    Мария Войтик
  • 3 авг. 2021 г.
  • 4 мин. чтения

Першы бурны ўсплёск беларускага фотамастацтва прыйшоўся на пасляваенны час XX стагоддзя, адзначыўшыся хваляй шматлікіх фотаклубаў, якія адкрываліся па ўсёй краіне, а другі — на 1980-я гады, час так званай перабудовы. З’явілася шмат новых імёнаў: Ігар Саўчанка, Віктар Сядых, Сяргей Плыткевіч, Міхаіл Гарус, Сяргей Кажамякін, Вадзім Качан.. Што адбываецца цяпер? Летапіс фотамастацтва аднаўляе тэарэтык і практык у галіне фатаграфіі Уладзімір Парфянок.


ФАТАГРАФІЧНЫ ПЕРАВАРОТ, АЛЬБО БУНТ ТВОРЧАСЦІ

«Час 80-х быў няўрымслівым і бурлівым, хацелася, каб фатаграфія не адшліфоўвала рэальнасць, а паказвала яе без прыхарошвання, шукала балючыя кропкі сучаснасці і распавядала пра іх. Маладыя аўтары, разам з якімі прыйшоў і я, былі гатовыя да рэформ састарэлай парадыгмы клубнай фатаграфіі.


Мы здымалі тое, што хацелася здымаць, а не дзеля, скажам, штогадавай справаздачы фотаклуба ці нейкай буйной рэспубліканскай выстаўкі. Шукалі рэальную праблематыку ў паўсядзённым жыцці і спрабавалі яе асэнсаваць фатаграфічнымі сродкамі, а не проста зрабіць яе дакументальны запіс», — дзеліцца фатограф. Першыя ягоныя праекты ў той час ужо мелі поспех: серыя «Фрагменты быцця» — фотазамалёўкі паўсядзённага жыцця Мінска, Калінінграда, Вільнюса, Рыгі, серыя «Персона нонграта» пра нефармальную моладзь, якая вяла незалежны лад жыцця, не паддаючыся агульнапрынятым нормам... Пасля года навучання ў фотаклубе «Мінск» ён разам з аднадумцамі вырашыў стварыць сваю незалежную творчую асацыяцыю «Правінцыя».


Самая першая выстаўка «Пачатак» у 1988 годзе ў Доме кіно (былым Чырвоным касцёле) прадэманстравала новыя плыні ў маладой беларускай фатаграфіі.

У 1989-м дэбютантамі зацікавіліся замежныя куратары. Пачаліся замежныя выстаўкі, паездкі за мяжу, публікацыі ў спецыялізаваных фотачасопісах, набыццё музеямі работ у свае калекцыі... Так званы момант прызнання. У 1996 годзе дзякуючы Уладзіміру Парфянку з’явілася галерэя візуальных мастацтваў «NOVA», якая стала добрай пляцоўкай для правядзення фотавыставак, своеасаблівай творчай лабараторыяй, дзе можна было абмяркоўваць і рэалізоўваць крэатыўныя ідэі... Трынаццаць гадоў праіснавала галерэя — да таго часу, пакуль не прыпынілася яе дзейнасць з-за недарэчнага артыкула ў прэсе наконт фотавыстаўкі пра Тыбет… У 2000-м Уладзімір Парфянок заснаваў беларускі вэбальманах «Photoscope.by», які спрабаваў аналізаваць падзеі фатаграфічнага жыцця Беларусі і замежжа. Пачынаючы з 2007 года выкладаў у прыватнай Школе фатаграфіі мінскага Цэнтра фатаграфіі. Сёння школа, на жаль, дзейнічае па вельмі спрошчанай праграме. І занадта дарагая арэнда памяшкання не спрыяе развіццю гэтага адукацыйнага праекта.


ХТО, НАРЭШЦЕ, ПАЧУЕ ФОТАМАСТАКОЎ?


«Складана пазначыць шлях развіцця беларускага фотамастацтва, таму што ніхто яго гісторыяй грунтоўна не займаецца. У нас да гэтага часу няма акадэмічнага даследавання, якое расказала б пра вытокі і развіццё фатаграфіі ў краіне, адзінай аўтарытэтнай крыніцы інфармацыі. Прыходзіцца збіраць па крупіцах тое, што выходзіла асобнымі публікацыямі і артыкуламі ў розных друкаваных выданнях», — кажа Уладзімір Парфянок. А хочаце анекдот? Самая вялікая калекцыя беларускай фатаграфіі, якая ўключае ў тым ліку вінтажныя здымкі, захоўваецца... у Санкт-Пецярбургу! Другая па велічыні — у Даніі.


«Сёння ў Беларусі навучыцца проста фатаграфаваць — не праблема. Шмат курсаў і школ самага рознага кшталту. А вось з мастацтвам фатаграфіі праблемы застаюцца. Пасля закрыцця галерэі «NOVA» нічога падобнага так і не ўзнікла. Бо што такое галерэя? Відавочна, не проста прастора, куды можна прыйсці і зрабіць выстаўку, а група натхнёных людзей з асаблівым бачаннем фатаграфіі, жаданнем фарміраваць фатаграфічны ландшафт краіны. Цяперашнія артпрасторы больш падобныя на ўсёедныя камерцыйныя ўстановы і, як правіла, не маюць сваёй выставачнай палітыкі ў галіне фотамастацтва. Ва ўсякім разе, яны іх ніяк не дэкларуюць», — упэўнены Уладзімір Парфянок. Прарываў у беларускім фотамастацтве, нягледзячы на развіццё тэхнікі, таксама няма.


Такіх, як гэта было 25—30 гадоў таму. Па словах Уладзіміра Парфянка, маладыя фатографы ствараюць якасныя рэчы, але самабытнымі назваць іх цяжка. Бракуе такіх праектаў, якія вылучаюць нашу нацыю асаблівым поглядам, успрыманнем рэчаіснасці... Якраз заслуга генерацыі фатографаў 80—90-х у тым, што яны, знаходзячыся ў амаль абсалютнай інфармацыйнай ізаляцыі, стварылі самабытныя творы, якія выклікалі цікавасць ва ўсім свеце, прадэманстравалі арыгінальнае бачанне беларусаў.


ЭПОХА БІЗНЕСУ І... АДСУТНАСЦІ РЭСУРСАЎ


«Я ўспамінаю той час, калі мы, маладыя энтузіясты, працуючы вартаўнікамі і інжынерамі, маглі дазволіць сабе набыць любы новы фотаапарат, неабмежаваную колькасць фотапаперы і стужкі для творчасці і эксперыментаў... І мы маглі рабіць тое, што хацелася! Ніхто і не думаў аб тым, што фатаграфію трэба ператварыць у бізнес. Сучасныя фатографы, наадварот, вымушаныя пастаянна займацца канвертацыяй сваёй працы ў грошы», — канстатуе Уладзімір Парфянок.


Яшчэ адна глабальная праблема, на яго думку, — адсутнасць сістэмы падрыхтоўкі кадраў. Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў не вучыць асобна фотамастакоў па сённяшні дзень. Грамадскае аб’яднанне «Фотамастацтва» спрабуе дапамагчы развіццю творчай фатаграфіі ў Беларусі, але ў яго нават няма свайго памяшкання, архіва і мэтанакіраванай выставачнай дзейнасці. А прыватныя праекты ў фатаграфіі наўрад ці здолеюць сфарміраваць нацыянальнае аблічча. Патрэбна моцная зацікаўленасць і падтрымка дзяржавы. На жаль, далёка не ўсе разумеюць, навошта развіваць фатаграфію, якая, на іх думку, усяго толькі носьбіт інфармацыі, а не прыкмета непаўторнасці народа, частка яго візуальнай культуры.


«У Літве, напрыклад, існуе магутная дзяржпадтрымка фатаграфічнага жыцця, таму фатаграфія — брэнд краіны, другі пасля баскетбола. Менавіта фатаграфія моцна ўплывае на працэс фарміравання самаідэнтыфікацыі, дазваляе народу ўбачыць сябе і ўсвядоміць сваю еднасць. Няўжо нам, беларусам, гэта непатрэбна?» — пытаецца Уладзімір Парфянок.


ГРАНЬ ПАМІЖ МАЙСТЭРСТВАМ І ШТОДЗЁННАСЦЮ

Нават у фотадакументалістыцы можна адкрыць мастацтва — калі не проста адлюстроўваць падзею, канкрэтыку, тое, што актуальна ў дадзены момант, а ствараць нешта абагульненае, не падуладнае часу. Уладзімір Парфянок упэўнены, што фотамастацтва — гэта не напластаванне спецэфектаў, а асаблівае бачанне рэчаіснасці праз аб’ектыў фотакамеры, размова пра складанае простымі словамі, шматслойнасць вобразаў і, галоўнае, метафарычнасць. У гэтым сэнсе можна правесці паралель з літаратурай. Што робіць раман ці аповесць сапраўдным шэдэўрам (акрамя сюжэта, канечне)? Выразныя выяўленчыя сродкі, стылістычныя прыёмы, якія выкарыстоўвае аўтар. Тое ж і з фатаграфіяй! Сапраўднае мастацтва можна адчуць на адлегласці — тут нават не трэба нічога тлумачыць.


Марыя ВОЙЦІК




 
 
 

Comments


  • Instagram
  • Facebook Социальной Иконка
bottom of page