top of page
Поиск

Якіх скульптур не хапае постсавецкаму гораду?

  • Фото автора: Мария Войтик
    Мария Войтик
  • 27 июл. 2021 г.
  • 5 мин. чтения

Сацыялістычны рэалізм саступіў у бок. Мастакі могуць свабодна выяўляцца і маюць права быць пачутымі. Гарадская скульптура, як і любы іншы від мастацтва, атрымала магчымасць быць самай рознай — ад класічнага рэалізму да незвычайных, радыкальных мадэрнісцкіх рашэнняў. І мы павінны былі гэта адчуць. Але нават у Мінску, дзе сканцэнтраваны галоўныя фінансавыя і адміністрацыйныя сілы краіны, да гэтага часу няма свайго Парку скульптур, які мог бы стаць ідэальнай творчай і выставачнай пляцоўкай. Няўжо ў мікрараёнах сталіцы і маленькіх гарадах жывуць людзі, годныя хіба што гіпермаркета, але ніяк не добрых культурных аб’ектаў? Пра тое, што адбываецца са скульптурным абліччам Беларусі, распавялі мне скульптары Канстанцін Селіханаў і Аляксандр Шапо.




СПРАВА ПРА БРОНЗАВЫЯ ДУШЫ


«Дайце мне музей, і я запоўню яго», — казаў Пабла Пікаса. Так думаюць і беларускія скульптары. Ужо дзясятак гадоў вядзецца дыскусія пра адкрыццё Парку скульптур у цэнтры сталіцы. Ён мог бы стаць пастаянным «месцам жыхарства» незалежных твораў мастацтва. Беларускі саюз мастакоў, саюз архітэктараў і Мемарыяльны музеймайстэрня Заіра Азгура выступілі ініцыятарамі гэтага праекта. Цяпер ён знаходзіцца на разглядзе ў Мінгарвыканкама, дзе паведамілі, што паўстала шмат складанасцей і тэма патрабуе дапрацоўкі.



Праўда, паабяцалі, што яна абавязкова будзе раскрытая. Тым часам у нарвежскім мястэчку Осла яшчэ з пачатку 1940-х працуе велізарны парк, дзе размясцілася больш за дзвесце філасофскіх скульптурных кампазіцый з самых розных матэрыялаў. Але навошта далёка хадзіць? У Пензенскай вобласці Расіі амаль дзесяць гадоў таму «вырас» скульптурны парк «Легенда», дзе кожны год праводзяцца міжнародныя сімпозіумы. А што ў нас? «Беларускі Парк скульптур мог бы ператварыцца ў адно з самых арганічных месцаў сталіцы, дзе кожны чалавек далучаўся б да разумення мастацтва, таго, як яно ўзаемадзейнічае з паўсядзённай прасторай. Добра, калі на тэрыторыі парку праходзілі б інсталяцыі, перформансы, пленэры. Атрымалася б паўнавартасная творчая пляцоўка», — лічыць Аляксандр Шапо. Варта ўзгадаць выстаўкі скульптурных твораў, якія праходзілі летам у раёне Верхняга горада, ці мастацкі праект «Арт-астравы» на Камсамольскім возеры… Колькі людзей яны сабралі! Выходзіць, ёсць тыя, хто ўмее сузіраць і разумець мастацтва, якое, у сваю чаргу, выходзіць з засценак музеяў на вуліцы. «Іншая справа, што “Арт-астравы” былі добраахвотнай ініцыятывай, пабудаванай на энтузіязме мастакоў, якія, як і “Альфа-банк”, выступалі свайго роду мецэнатамі. Калі мы хочам рэалізоўваць гэты праект і далей, трэба падумаць аб тым, што мастацтва — таксама праца, якая павінна аплачвацца», — дадае Канстанцін Селіханаў.


ДОБРА, АЛЕ МАЛА



Стварэнне асобных кампазіцый у горадзе недастаткова. Мінску патрэбная міжнародная пленэрная дзейнасць у галіне як скульптуры, так і іншых відаў мастацтва, больш адкрытая культурная палітыка. «Якія асацыяцыі ў замежнікаў з Парыжам? Навала музеяў і галерэй. Дык вось Мінск павінен быць не проста чыстым горадам, а месцам, насычаным культурнымі пляцоўкамі і падзеямі. Арт-прастора сфарміруецца з часам, калі дзейнічаць і не баяцца памылак», — упэўнены Аляксандр Шапо.


ПРАБЛЕМЫ — НА ПАВЕРХНІ


Якіх скульптур не хапае Мінску? Тых, што вярнулі б нас да сваёй, незалежнай, гісторыі. «Але няма спіса людзей, якія павінны быць увекавечаны ў найбліжэйшыя гады, таму складана нешта прагназаваць. Постацей у беларускай культуры хапае, ці гэта Быкаў або Караткевіч, але яны не пазначаныя належным чынам», — адзначае Аляксандр Шапо.


Любы аб’ект мастацтва трэба не проста «паставіць», а гарманічна ўпісаць у навакольную прастору. Спрыяльнае для скульптур асяроддзе ў сталіцы абмежавана. Мінск падчас Другой сусветнай вайны быў моцна разбураны, аднаўляўся практычна з попелу. Чаму ў Верхнім горадзе амаль любы твор будзе глядзецца? Таму што там захавалася гармонія асяроддзя, сугучная па маштабе чалавеку. На думку Канстанціна Селіханава, пры будаўніцтве будучых раёнаў горада трэба адразу прыцягваць мастакоў. А не наадварот: ствараць дамы, а потым ламаць галаву, як выратаваць людзей ад шэрай руціны і аднастайнасці.



«Вядома, развіццё скульптуры прама прапарцыянальна эканамічнай сітуацыі, так што праблема не толькі ў разуменні, але і ў недахопе сродкаў, бо той жа манумент з бронзы — досыць дарагое задавальненне. Добра, што ён ствараецца на стагоддзі. У гэтым выпадку варта было б больш актыўна прыцягваць мецэнатаў», — перакананы Канстанцін Селіханаў. Для тых, хто ахвяруе свае сродкі, патрэбны рэальныя падатковыя льготы і больш дакладнае заканадаўства. У нас пакуль у гэтай галіне — толькі пачатак дыялогу.


ПАДАРОЖЖА НА «КРАЙ ЗЯМЛІ»



Калі ў цэнтры сталіцы скульптур дастаткова, то варта ад’ехаць на ўскраіну горада... І цябе ахутвае туга ад сузірання спальных раёнаў, дзе акрамя бетону і шкла амаль нічога няма, а дамы існуюць у чыстым полі. Якія скульптуры можна (і трэба) усталёўваць там? «Высокія, хай нават 10-метровыя, абстрактныя, яркія, незвычайныя — буйнамаштабныя праекты, здольныя канкурыраваць з асяроддзем. Як металічныя павукі Луіз Буржуа ці Нябесная сфера Аніша Капура ў Чыкага. Але ў нас пакуль вельмі добра развіваецца толькі будаўніцтва гандлёвых цэнтраў», — распавядае Канстанцін Селіханаў. Скульптар успамінае падобную сітуацыю з невялікімі гарадамі: «Бо чым яны адрозніваюцца ад сталіцы? Людзі ўсюды аднолькавыя. Калі ва Уздзе хацелі паставіць кампазіцыю з бронзы, хтосьці прапанаваў зрабіць яе з пластмасы. Маўляў, навошта? А чаму жыхары правінцыйнага горада павінны атрымаць танны матэрыял ці не самага цікавага аўтара? Яны маюць поўнае права на твор вялікага мастака. Мэрыі невялікіх гарадоў у Еўропе імкнуцца прыцягваць лепшых. А ў нас чамусьці пануе самапаніжэнне».


АГОЛЕНАЯ СУТНАСЦЬ



Галоўная роля скульптуры, па словах Канстанціна Селіханава, — змяняць і пераўтвараць прастору. Скульптура ставіць кропку, падводзіць вынік. Завяршае вобраз месца, у якім знаходзіцца. Напаўняе асяроддзе чалавека эстэтыкай, абуджае пачуцці і думкі. У нашай краіне, спадкаемцы Савецкага Саюза, так ужо павялося, што скульптура закліканая абавязкова выконваць пэўную функцыю — ці гэта помнік важнаму дзеячу альбо гісторыя, звязаная з канкрэтным аб’ектам побач. Больш няма стылістыкі сацрэалізму, але мы шмат у чым рухаемся па інерцыі. Хрэстаматыйныя прыклады — ляснічы каля Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, сям’я пакупнікоў недалёка ад ЦУМа, гандлярка побач з Камароўскім рынкам... Такія народныя скульптуры важныя і патрэбныя, але неабходны і іншы, больш разняволены падыход да мастацтва.


Постсавецкі чалавек імкнецца да таго, што ясна і зразумела, раскладзена па паліцах. Гэта ініцыюе скульптуру толькі пэўнага роду. «Памятаю дыскусію ў Нацыянальнай бібліятэцы, калі адзін з аўтараў прапаноўваў аголеную постаць, але чыноўнік усклікнуў: “Што вы тут лазню арганізоўваеце?” Невуцтва ў чыстым выглядзе. З іншага боку, сітуацыя пачынае мяняецца да лепшага, многія элементарныя рэчы ўжо не трэба даказваць», — перакананы Канстанцін Селіханаў.


ПАРКІ Ў ЧЫСТЫМ ВЫГЛЯДЗЕ



Казаць пра паркавую скульптуру як частку гарадской немагчыма без апісання асяроддзя, дзе яна павінна «жыць». Але і тут усё не так бясхмарна. «Трэба вярнуць паркам горада значэнне месцаў, дзе людзі проста шпацыруюць, атрымліваюць асалоду ад прыроды, дыхаюць свежым паветрам, а не стаяць каля бясконцых палатак з папкорнам ці састарэлых атракцыёнаў. У нас чамусьці нехта вырашыў, што людзей трэба пастаянна забаўляць, вадзіць за руку. Як, напрыклад, бязлітасныя аніматары на карпаратывах, якія галосяць сваё бясконцае «ўра-ўра!». А можа, нікому гэта не трэба? Дайце людзям самастойна адпачываць! І скульптура ўспрымаецца такім жа чынам. Яна павінна абавязкова на нешта паказваць, да чагосьці заклікаць», — іранізуе Канстанцін Селіханаў. І тут жа прыводзіць прыклад: «У парку Чалюскінцаў ёсць выдатная алея, закладзеная яшчэ паўстагоддзя таму. Але на самым бачным месцы паставілі стандартную, жалезную «пуню», дзе летам гандлююць папкорнам. У астатні час палатка стаіць зачыненай і псуе цудоўны пейзаж.


Чаму б не зрабіць так, як у Вашынгтоне альбо Рыме? Прыязджае акуратная каляска з таварам, а вечарам з’язджае. Усё. І грошай зарабілі, і пейзаж не сапсавалі. Адміністрацыі парку вельмі цяжка да гэтага дадумацца? Ствараем гадамі асяроддзе, дзе працуюць архітэктары, ландшафтныя дызайнеры, а потым прыходзіць «гандаль» і ўсё знішчае. У Стакгольме ёсць падобны парк, дзе людзі катаюцца на лыжах. Каб зрабіць яго больш прывабным, заснавалі музей скульптуры з велізарным кафэ. Сем’і гадзінамі там адпачываюць. Што ж перашкаджала і ў парку Чалюскінцаў, напрыклад, не ліквідаваць канцэртную залу, а ператварыць яе ў гандлёвы цэнтр? І ўсе гэтыя славутыя кропкі грамадскага харчавання туды перанесці...» — прапаноўвае скульптар. Напэўна, з такім падыходам у гарадскіх парках, скверыках ці на алеях стала б чысцей і спакайней, нічога б не перашкаджала сузіраць хараство прыроды, а менавіта такая абстаноўка моцна спрыяе з’яўленню новых скульптур і цікавых арт-аб’ектаў.


Марыя ВОЙЦІК


Надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва"

 
 
 

Kommentare


  • Instagram
  • Facebook Социальной Иконка
bottom of page