top of page
Поиск

Валянціна Шоба: філасофія нябесных цел

  • Фото автора: Мария Войтик
    Мария Войтик
  • 2 июл. 2021 г.
  • 4 мин. чтения

Палёты наяве, ці Рэха сноў Беларуская мастачка — лаўрэат прэстыжнай прэміі

Французская вытанчанасць у традыцыях Мулен Руж База Лурмана ці спадарыні Бавары Густава Флабэра, нявінная казачнасць у малюнках чароўных конікаў альбо філасофія нябесных цел — усё гэта гарадзенская мастачка Валянціна Шоба, яе любоў да сімвалізму і зменлівы настрой.



Мабыць, яна магла б працаваць з Анры Тулуз-Латрэкам — але спатрэбілася б машына часу. Пару гадоў таму на міжнароднай выстаўцы сучаснага мастацтва «Art Capital» у парыжскім «Гран Пале» Валянціна Шоба разам са скульптарам Сяргеем Парцянковым удастоіліся званняў лаўрэатаў прэстыжнай прэміі Тэйлара — для беларусаў гэта дэбют. Размова с Валянцінай Шоба падказала мне, як стварыць свята ў любых абставінах і знайсці у сябе сілы да любой творцасці.


КАХАННЕ ПАДЧАС ЦЕМРЫ



Здаецца, яе натхняе ўсё: трывожныя сны, людзі, якія бягуць скрозь час, родныя пейзажы, меладычны звон ветру за вокнамі, ранішняя кава, сонца, што сплывае за гарызонт, кветкі на шаўковым халаце, пераменлівы дух надвор'я, закаханыя, застылыя ў гарачым пацалунку (амаль як у Густава Клімта). Яна ведае, пра што зямля шуміць небу, як можна растварыцца ў халодным ручаі, а потым акрыяць — у чырвоным зарыве гарачага лета.


Сама мастачка не любіць гаварыць пра сябе. Кароткая стрыжка, круглявыя і мяккія рысы твару, але разам з тым — упартасць і смеласць, якія нагадваюць Надзею Хадасевіч-Лежэ, беларускую мастачку, якая адправілася пакараць Парыж, бо жыць не магла без творчасці... Ваяўнічая карціна Валянціны таксама заваявала сэрцы французаў. «Работа “Улада цемры”, дзякуючы якой я атрымала прэмію Тэйлара, — гэта разважанне пра тое, пад якім лозунгам лёгка пачаць бітву, апавяданне пра вайну і мір. Крычаць пра тое, што мы, маўляў, ваюем за свабоду і веру, — прасцей за ўсё. Людзям чамусьці вечна гэтага мала. Але вось што рабіць з любоўю? Ці зможам мы змагацца за яе? Бо галоўнае ў жыцці — умець кахаць. Як бы ні было цяжка. Рана ці позна зоркі над тым, хто любіць, сыдуцца і шчасце знойдзе яго».


САКРАЛЬНАЕ ВА ЎЗОРАХ



На першы погляд здаецца, што аб'яднаць яе работы немагчыма. Усе карціны занадта жывыя: ці гэта жаночыя партрэты ў стылі Ганны Ахматавай, Вірджыніі Вульф ці Нінон дэ Ланкло, казачныя конікі або велізарныя, шматгранныя, зіхатлівыя нябесныя свяцілы. Чым жа быў абумоўлены выбар менавіта гэтых вобразаў? Што яны сімвалізуюць? Бо творчасць Валянціны Шоба нельга назваць чыстым рэалізмам. Гэта, хутчэй, водгукі сноў ці мары ў іх самым фантастычным выглядзе. «Адна з выставак ў Мінску, напрыклад, задумвалася як калядная магія, пабудаваная на сімвалізме беларускіх вышывак, карункаў і іншых узораў, якімі нашы продкі ўпрыгожвалі свой побыт. Упэўнена, што сакральная сімволіка — у аснове жыцця любой нацыі», — тлумачыць Валянціна Шоба.


Варта ўвайсці ў калідор — і цябе сустракае пачуццёвая паненка, што прымярае касцюм, а за акном таямнічы вершнік шукае сваю пуцяводную зорку. З ног збіваюць птушкі, якія кружаць вакол сонца. Яно, дарэчы, суседнічае з месяцам і зоркамі — як увасабленне неабсяжнага сусвету. Усё вытрымана ў асноўным у залаціста-сініх танах, з мноствам агеньчыкаў і казачных персанажаў, мудрагелістых узораў і... надпісаў каліграфічным почыркам. Валянціна Шоба праз творчасць быццам дзеліцца з гледачамі сваімі патаемнымі думкамі. Сама па сабе яна даволі скрытная і не любіць залішняй увагі. Раніца, вечар, дзень, ноч — усё захавана ў адзіным рытме-танцы.


НАВАГОДНЯЯ АРЫЯДНА



Сімвалізм не пакідае Валянціну не толькі ў будні, але і ў святочныя дні. Аднойчы звычайныя нітка (амаль як тая, што была ў Арыядны і вывела з лабірынта Тэзея, што перамог Мінатаўра) стала адным з самых незвычайных упрыгожванняў сямейнай навагодняй ёлкі — як увасабленне сувязі мінулага і будучыні. «Калі мая дачка Аня была маленькай, мы кожны год прыдумлялі арыгінальную канцэпцыю вобраза зялёнай прыгажуні, бо менавіта ў ёй галоўная магія Новага года. Грошай для новых цацак не было, але часам хацелася чагосьці асаблівага, а часам проста дзеля забавы. Адна такая ідэя мне асабліва запомнілася. А «пацягнулі» мы яе з фільма «Мышынае паляванне», які апавядае пра двух братоў Шмунтцаў, уладальнікаў вяровачнай фабрыкі.


На шпацырах я і Аня назбіралі розныя кавалачкі нітак, што трапляліся літаральна пад нагамі, звязалі іх паміж сабой, зматалі ў рознакаляровы клубок, чым і ўпрыгожылі ёлку пад Новы год і Каляды. Вось так з безнадзейнага фінансавага становішча атрымліваецца свята, галоўнае — праявіць фантазію!» — распавядае Валянціна Шоба. Цяпер у яе доме ўсе выраслі, за ялінкай так не сочаць, але калі ўжо ўпрыгожваюць, то да таго часу, пакуль снег не сыдзе назусім. Навагодняя «паненка» можа прастаяць і да вясны — у нашай краіне надвор'е не адрозніваецца стабільнасцю. Жывое дрэва, якое пахне марозам і лесам, Валянціна памятае з дзяцінства. Цяпер у прыярытэце — толькі штучныя іголкі, таму што секчы лес — злачынства.

Валянціну Шоба называюць вельмі працавітай і ўседлівай — у майстэрні яна, здаецца, можа жыць увесь час, працаваць гадзінамі ў адзіноце. Нават дома падчас навагодніх святаў пабываць не заўсёды атрымліваецца. Можа з'ехаць, напрыклад, у Польшчу, паглядзець спектакль.


БЯЗМЕЖЖА ФАНТАЗІІ



Яе ўласныя работы здзіўляюць спалучэннем кантрастаў. З аднаго боку — добрае, наіўнае, чароўнае зачараванне, а з другога — цёмныя лабірынты душы. Сапраўдны жывапіс настрою. Сувязь з тагасветным асяроддзем. На многіх карцінах намаляваны коні. Здаецца, яны прыйшлі са старых мудрых казак. Ахоўваюць дамы, пакуль мы спім, імчаць на сваіх моцных спінах ноч, што змяняе дзень, расцякаюцца ад сонечных пацалункаў, нібы гарачая лава, засланяюць неба... Коні Валянціны Шоба — як асобная з'ява прыроды, а не проста жывёлы. Могуць увасабляць кветкавы чай ці моцную каву, дажджлівае надвор'е альбо прыход вясны. Логіка? Навошта яна тут патрэбна? На адным з пленэраў Валянціна Шоба захапілася выявай жаночых аголеных фігур. Крытыкі і сябры ўспрынялі гэты ход па-рознаму. Але як бы ні падзяляліся думкі, відавочна: жаночая сутнасць у яе творчасці ледзь не на першым месцы. Цудоўна выглядаюць у Валянціны партрэты. Паненкі атрымліваюцца вытанчанымі і адначасова фатальнымі — як у фільмах 20-х гадоў. Адкрытыя плечы, тонкія пальцы, вострыя скулы, пунсовая памада... Паэтычнымі подпісамі кранае мастачка: «Навошта мне парасон, калі ты схаваў мяне пад сваім небам?» — усклікае адна з яе далікатных гераінь. А іншая, какетліва павярнуўшыся, двухсэнсоўна шэпча: «Не іранізуй, часам самае прымітыўнае пачуццё глыбей за веды». Каб зразумець Валянціну, трэба сапраўды адчуваць, прычым, не слізгаючы па паверхні, а паглыбляючыся ў сутнасць.


НЕ БУДЗЬ ТАКІМ ЯК УСЕ


У Парыжы здолелі адчуць беларускую мастачку. Але чым можа пакараць беларускае мастацтва ўвогуле? У Валянціны на гэты конт адказ кароткі: мастацтва для яе — непадзельная сусветная з'ява. «Галоўнае для ўсіх мастакоў, на мой погляд, — не баяцца бачыць і паказваць свет па-свойму, нягледзячы на зайздрасць і крытыку, абурэнне і нават забыццё. Прыйдзе час — і сапраўдны талент ацэняць. Так што людзям творчых прафесій ні ў якім разе нельга баяцца быць самімі сабой... Арыгінальнасць — гэта шлях у будучыню», — лічыць Валянціна Шоба. Умець маляваць і быць мастаком, на яе погляд, гэта зусім розныя паняцці, даступныя далёка не кожнаму... А ў Беларусі — вялікі патэнцыял. Быў, ёсць і будзе.


Марыя ВОЙЦІК

 
 
 

Comments


  • Instagram
  • Facebook Социальной Иконка
bottom of page