Ускрыццё рэальнасці ад Руслана Вашкевіча
- Мария Войтик
- 7 июл. 2021 г.
- 2 мин. чтения
Калі беларускі мастак Руслан Вашкевіч ладзіць выстаўку ці праект, то гэта не проста так. Творца асацыюецца ў свеце мастацтва з несуцішным рухам, сэнсавай правакацыяй і арыгінальным майстэрствам. Гэта чалавек, які не можа доўга трымаць у сабе назапашаную буру эмоцый. Узгадаць хаця б яго канцэптуальны праект «Канал Культура», што ладзіўся калісьці ў “Доме карцін”.

Выставачная прастора стала адзінай, даволі шматграннай і нават заблытанай, у форме лабірынта, тэрыторыяй мастацтва, дзе ёсць месца для вострых тэм, смелых тлумачэнняў, сімвалізму. Іронія разам з пераасэнсаваннем.
Руслан Вашкевіч кадрыруе рэальнасць па-свойму, звяртаючы ўвагу на тое, пра што мы звычайна маўчым, прымушае зірнуць на прадметы пад незвычайным вуглом. Засілле поп-культуры альбо прымітыўнасць гламуру, тыпізацыя рэальнасці ці прычосванне вострых вуглоў? Пазбаўцеся гэтага! - быццам кажа ён.

Руслана Вашкевіча называюць «рэжысёрам масавых беспарадкаў». У яго творчай біяграфіі значацца такія нашумелыя праекты, як маскоўскі Second Second Hand, «Радыус Нуля» на мінскім заводзе «Гарызонт», уварванне ў прастору Нацыянальнага мастацкага музея, Кастрычніцкай плошчы, палаца Румянцавых-Паскевічаў... У кожнай працы мастака праглядаецца спроба пераасэнсаваць каналы культуры, знайсці кропкі судакранання паміж яе носьбітамі, навучыць адкідаць лішняе, пазбаўляцца межаў успрымання.
ЭФЕКТ БОМБЫ

Адна з мастацкіх серый аўтара, што добра вядома, — «Шкала Рыхтэра». Руслан Вашкевіч праецыруе на некалькі палотнаў фірмовы прыём жывапісу нямецкага авангардыста, яго фотарэалістычнае «ліставанне» са змазваннем карцінкі. Сэнс серыі з васьмі (столькі балаў на знакамітай шкале) палотнаў — гэта пошук трывалай стратэгіі творцы ў няўстойлівым свеце, зменлівых лакацыях, сацыяльных, палітычных, мастацкіх.

Інсталяцыя «План уцёкаў» — малюнак чорным на шкляных пласцінах. З круга, што сімвалізуе стэрэатыпы, выскоквае дзяўчына. Гэта намёк на тое, што ў кожнага з нас заўсёды існуе запасны выхад, які дае збавенне ад унутраных праблем. Не, гэта, канечне, не выхад у акно.

Многія помню, абураліся карцінай карцінай «sextourism», што выклікала шквал крытыкі ў інтэрнэце. Маўляў, хіба так можна казаць? Гэта ж пра сваю краіну… Руслан Вашкевіч не прымае ханжаства ні ў якім выглядзе. На самай справе гэтая карціна нагадвае білборд і прысвечана недарэчнасці рэкламавання нацыянальнай культуры. Карціна «Канец свету», якая нагадвае неонавы салют, таксама прыклад таго, як няўмелае абыходжанне з культурай можа прывесці да недарэчнасці любых з’яў.
СТОП-МАШЫНА

Адна з самых вядомых работ мастака— «Нягледзячы ні на што». Цэнтральным звяном выступае палатно, з якога за невядомай кропкай унізе назіраюць чатыры героі, падобныя на серыяльных персанажаў, суседзяў, пасажыраў аўтобуса, словам, звычайных абывацеляў. Карціна падарожнічала па розных месцах, дзе, здавалася б, няма часу для мастацтва: ад морга, могілак да дзіцячага садка і стрыптыз-клуба, ад гіпермаркета да смеццевай звалкі, ад царквы да турмы. Гэтай карціне не месца ў музеі, ёй трэба штосьці паказваць, як жывой. Дзіўна, але ў залежнасці ад таго, куды глядзяць героі, эмоцыі на іх тварах, здаецца, мяняюцца, агіда плаўна пераходзіць у захапленне, а страх — у зацікаўленасць.

Праект «Тайная архітэктура. Кветкі зла» — яскравы прыклад гульні з прасторай і матэрыяламі. Серыя работ спачатку нагадвае чорна-белыя вітражы, потым — рэнтгенаўскія здымкі, а пры дэтальным знаёмстве — чалавечыя косткі, пераламаныя ў розных «ракурсах». Усе яго картіны — гэта эксперымент, мастацкі пошук, які кажа нам: каб зразумець пэўную рэч ці з’яву, недастаткова паглядзець на яе адзін раз.
Марыя ВОЙЦІК
Comments